Лявон Вольскі: У мяне з маёмасці цяпер толькі хата ў вёсцы

16/06/2016 - 15:05

У цэнтры, куды хадзіла Ганна, ёй сказалі, што гэта ніякая ні анкалогія

Еўрарадыё: Ваша асабіста трагедыя, смерць жонкі, паўплывала на настрой альбома?

Лявон Вольскі: Песні, у большасці, былі напісаныя да гэтага… І я змяніў толькі пару радкоў у некалькіх песнях. Атрымалася, што спакойныя, напалову акустычныя песні там чамусьці досыць дэпрэсіўныя, а цяжкія і хуткія — наадварот не дэпрэсіўныя. Не ведаю, чаму так атрымалася… Хаця, на той момант у мяне не было ніякіх сумных прадчуванняў, усё быццам бы ішло нармальна… Таму я не ведаю, чаму я накрэмзаў такі дэпрэсняк. Можа, нешта такое было ўнутры… Бо яшчэ ўзімку нічога не ўказвала на тое, што штосьці здарыцца.

У нетрадыцыйным цэнтры, куды яна хадзіла, ёй сказалі, што гэта ніякая ні анкалогія, а нешта… мастапатыя ў кепскай форме. Трэба піць гэта і гэта. Яна, безумоўна, у гэта паверыла. І я таксама. Лячылася галаданнем, прымочкамі, рознымі нетрадыцыйнымі метадамі. Можа, таму так хутка ўсё і адбылося. І, можа, гэта да лепшага, бо я ведаю, што людзі гадамі ляжаць у ложку, хварэюць і адыходзяць паступова. Для мяне гэта, безумоўна, горш, бо было так нечакана, што проста жах. Калі мой бацька доўга хварэў, па лякарнях ляжаў, то ты маральна ўжо цягам гэтага часу рыхтуешся да непазбежнага, а тут усё было так… Я і цяпер яшчэ да канца не выйшаў з гэтага шокавага стану, але першы месяц ўсё было як у тумане — шок быў сур’ёзны. Пастаянна розныя думкі, якія неабходна гнаць ад сябе. Але ж тут нічога не зробіш — гэта чалавечая існасць. Добра, што былі людзі, і гэта шмат людзей, якія мяне маральна падтрымалі. Але ж я ўсё адно разумею, што цяпер мне давядзецца карэнным чынам змяняць усё. Бо я прызвычаіўся да пэўнага жыццёвага сцэнару, які шмат гадоў быў вось такі. А цяпер ён такім не можа быць. І мусіць мяняцца той сцэнар, хай не ў лепшы, але ў нейкі іншы бок, нейкі адэкватны. А не тое, што я вярнуся назад у 1990-я і буду займацца, як гэта ўжо было, рознай лухтой: непатрэбнымі праектамі, удзелам ва ўсіх магчымых канцэртах і імпрэзах. Непатрэбнай мітуснёй. Вельмі добра, што ў апошнія гады мы навучыліся перабіраць, дзе трэба ўдзельнічаць, а дзе — не. За 30 гадоў на сцэне выпрацавалася пэўная інтуіцыя.

Еўрарадыё: У вас быў падзел абавязкаў: вы пішаце песні, Ганна — займаецца адміністрацыйнай працай. Як будзеце цяпер спраўляцца?

Лявон Вольскі: Яна не любіла ўсю гэтую адміністратарскую працу, але вымушаная была ёй займацца. Для мяне ўсё гэта, асабліва грашовыя пытанні — цяжкая тэма. Але давядзецца ёй займацца пакуль самому. Можа, потым хто дапаможа… Цяпер для мяне цяжэйшая не адсутнасць персанальнага менеджара, а адсутнасць прадзюсара. Анечка была таленавітая ў стратэгіі — яна прыдумляла акцыі, перавод усёй канцэртнай дзейнасці ў Вільню… Цяпер усім гэтым давядзецца самому займацца. Ганна была заточаная пад мае праекты, і мне прадзюсары звонку наўрад ці дапамогуць.

 

Цяпер у мяне з маёмасці толькі хата ў вёсцы. Я зноў пазычыў грошы і раблю там карэнную перабудову, думаю, там прапісацца і жыць

Еўрарадыё: Людзі, якія не ведаюць жыцця беларускіх рокераў знутры, здзіўляюцца: “Такі вядомы музыкант, як Лявон Вольскі, столькі гадоў на сцэне, па свеце з канцэртамі ездзіць, а ў яго няма грошай ні на альбом, ні на шыкоўную кватэру?”.

Лявон Вольскі: Кватэры няма ўвогуле — мы восем гадоў здымаем кватэру. Мне ў спадчыну засталася кватэра ад бабулі, але быў такі перыяд у жыцці, калі мы былі вінныя грошы, якія я ў свой час пазычыў на запіс першага альбома “Крамбамбулі”, і тую кватэру давялося прадаць. Прычым, прадавалі мы яе ў вельмі неспрыяльны час і праз год такая кватэра каштавала разоў у 4-5 даражэй. Канцэртамі ў Еўропе ты таксама шмат не заробіш: ты ж не будзеш там пастаянна з турамі ездзіць — гэта нейкія разавыя выезды. Ды і акупляюцца такія паездкі… Вывезі паспрабуй поўны склад “Крамбамбулі”! А чаму так і не назапасіў грошай… Бо амаль усё заробленае ішло не на набыццё кватэры ці шыкоўнай машыны, а на запісы альбомаў, прома, кліпы... У нас жа няма ў краіне якога сур’ёзнага прадзюсарскага цэнтра, які б усё гэта браў на сябе. Ды і адкуль ён возьмецца?! Калі тут няма самой сістэмы так званага шоу-бізнесу! Мы ж не можам ехаць з турам па ўсё Беларусі, як гэта робяць калектывы на Захадзе. У нас сама пабудова айчыннага шоу-бізнесу не дазваляе незалежнаму артысту так жыць. Так што, цяпер у мяне з маёмасці толькі хата ў вёсцы. Я зноў пазычыў грошы і раблю там карэнную перабудову, думаю, там прапісацца і жыць. Але як яно далей складзецца… Я чатыры месяцы таму вызваліў чэрвень ад усіх спраў, каб паехаць на месяць у Чарнагорыю, а бачыце, як яно склалася. І цяпер я нейкія далёкі планы не хачу складаць.

Еўрарадыё: Калі ўжо згадалі “Крамбамбулю”… Няўжо мы больш не пачуем новых песень гэтага праекта?!

Лявон Вольскі: Магчыма, некалькі песень з нагоды чаго-небудзь і з’явіцца, але альбомаў больш не будзе дакладна. Гэтая стылістыка сябе вычарпала. У гэтым праекце асабліва няма чаго больш сказаць — там усё ўжо было! Гумар і сатыра, іронія, нават пара сур’ёзных песень, апошні блазенска-партызанска-ваяўнічы альбом. Розныя песні былі: з Міхалком, Кулінковічам, Гюнэш. Ну, куды рухацца, у якім накірунку? Тым больш, быць немаладым блазнам — таксама не вельмі прыемная роля. І спяваць там, да прыкладу, “Старых хіпаноў” не вельмі хочацца

Гэтак жа, як цяпер мне зусім не пасуе песня “Я рок-музыкант” — яна зусім без нюансаў. І гэта ж быў моладзевы маніфест, а я не такая ўжо моладзь маладая.

Трэба арандаваць лімузін і прыехаць у Мінкульт, апранутым у футра, з журналістамі, з кветкамі, шампанскім і маленькім сабакам пад пахай

Еўрарадыё: Вы ж з пункту гледжання дзяржавы — дармаед, нідзе афіцыйна не працуеце. Што можа вас прымусіць звярнуцца ў Мінкульт па пасведчанне творчага работніка?

Лявон Вольскі: Я раней думаў, што нішто мяне не можа прымусіць туды пайсці — гэтая ж установа забараняла і забараняе мае канцэрты цяпер. Ну, не яна сама, а па даручэнні з прэзідэнцкай адміністрацыі. Але акурат цяпер мяне напаткала думка: з гэтага ж можна класнае шоу зрабіць! Прыйсці туды, а лепш арандаваць лімузін і прыехаць, апранутым у футра, з журналістамі, з кветкамі, шампанскім і маленькім сабакам пад пахай — яго, як і лімузін, можна арандаваць. А там такія дамы сядзяць — даць ім усім па букеціку, сказаць: “Ведаеце, хто я такі?”. Ну, і паглядзім тады, як такога барына не зарэгістраваць. Сумныя такія жартачкі. Бо ў нас такая эксклюзіўная сітуацыя ў сферы культуры, што проста неверагодна. Карацей, наўрад ці мне тое пасведчанне дадуць. Але плаціць ніякі падатак я не збіраюся. І што там за гэта — папраўчыя працы? Ну, вось хай мяне на тыя працы асудзяць. Яшчэ лепшае шоу атрымаецца.

У нас былі думкі, зрабіць від на жыхарства ў Літве

Еўрарадыё: Думкі пра эміграцыю ўзнікалі?

Лявон Вольскі: Натуральна. Ведаеце, колькі такіх роспачных момантаў у жыцці было? Бо апошнія гадоў пяць стала канчаткова зразумела: пры гэтай уладзе ўжо нармальнага музычнага жыцця тут не будзе. Для мяне, прынамсі.

Як у нас было? Жылі мы за мяжой дзе-небудзь: у Вільні, Варшаве, Берліне, у Швейцарыі, у Чарнагорыі выдатна жылі — як на дачу ездзілі. На месяц паедзеш — выдатна, усё ведаеш. А ў Мінску была канкрэтная ўнутрана эміграцыя. Сядзіш дома ў цэнтры горада, з’ездзіў у гіпермаркет які-небудзь, там пахадзіў дзве гадзіны, затарыўся… Прыехаў зноў дахаты, разліў па келіхах французскае віно, сядзіш, глядзіш нейкае кіно. Ну, нешта робіш там… Але не было такога жыцця: мы тусім па цэнтры горада, робім паход па барах — гэта ўсё ў 90-я яшчэ адшумела. І мы жылі ў вельмі замкнёным свеце. Потым з горада едзеш на вёску. Там прырода, хата, камін — усё класна. Сядзіш каля каміна, глядзіш фільмы, разліваеш добрае французскае віно па келіхах і кайфуеш. Такое было жыццё — тыповая ўнутраная эміграцыя. Калі людзі абсалютна не інтэграваныя ў жыццё краіны.

Ад эміграцыі спыніла тое, што… не атрымалася нічога. У нас былі думкі, зрабіць від на жыхарства ў Літве. Анечка спрабавала розныя варыянты, але нічога не атрымалася. Бо спачатку вельмі выгадна было мець фірму ў Літве, і яна ў нас была… ці пра гэта нельга казаць? А... яе ўжо няма ўсё роўна. Карацей, Анечка зарэгістравала там фірму, што дае табе права на атрыманне віду на жыхарства. Што пазбаўляе цябе ад неабходнасці рабіць візы. Хацелася зняць кватэру ў Вільні і не здымаць у Мінску — у Вільні танней, і пакінуць сабе толькі хату на вёсцы. Апошні год мінская кватэра абсалютна не патрэбная: Адэля вучыцца ў Польшчы, а мы проста сядзелі там — чаго? Ад хаты ў вёсцы да Вільні кіламетраў 130, а з Вільні блізка і да Варшавы, і да Берліна — сеў і паехаў, межаў няма. Але потым літоўцы вельмі раптоўна, амаль як у нас гэта робіцца, змянілі заканадаўства. Па новым заканадаўстве, калі ў цябе ёсць фірма, то ты мусіш браць на працу трох супрацоўнікаў, грамадзян Літвы. А гэта — мінімалка, падаткі і гэтак далей. Карацей, трэба было зачыняцца, і ўся гэтая ідэя накрылася медным тазам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі