Лявон Вольскі: Калі будуць магчымасці пакарыстацца чарговай адлігай, паспрабуем

18/11/2016 - 09:02

Днямі ўбачыў свет новы альбом Лявона Вольскага “Псіхасаматыка”. Расслухаўшы дыск, мы вырашылі запрасіць музыку і спытаць у яго пра ўсе акалічнасці, звязаныя з новай працай, а таксама з будучай канцэртнай прэзентацыяй у Вільні.

Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы вынікам? Ці ёсць штосьці такое, што хацелася б змяніць на новым альбоме?

Лявон Вольскі: Я звычайна крытычна стаўлюся да сябе і сваёй творчасці. Але пасля выхаду альбома творца, безумоўна, задаволены. Хаця б таму, што ён выйшаў. Бо ўсё ў жыцці бывае, бывае, што і не выходзяць альбомы. Водгукі, безумоўна, розныя, але яны і павінны быць рознымі. Мне так падаецца, што гэты альбом, можа быць, не на такую юную аўдыторыю. Таму, магчыма, ад гэтай аўдыторыі і будуць паступаць нейкія рэкламацыі. Хоць насамрэч я і не ведаю. Паводле таго, што я адсочваю ў інтэрнэце, водгукі сапраўды вельмі розныя, і гэта добра.

Еўрарадыё: Але ці ёсць нешта, што хацелася б змяніць? Вось вы пачулі гэтыя водгукі і думаеце: так, сапраўды!

Лявон Вольскі: Не! Гэта скончаная праца. У наступных працах, можа быць, нешта будзе мяняцца. А тут усе цаглінкі стаяць на сваім месцы.

Еўрарадыё: Альбом складаецца з двух дыскаў: адзін цяжкі, другі больш лёгкі. Вам не падаецца, што гэтыя дыскі для дзвюх розных аўдыторый?

Лявон Вольскі: Я не маніторыў адмыслова аўдыторыі. І гэты альбом зусім не камерцыйны, не было стаўкі на нейкія хіты, на нейкую папсовасць, проста рабілася тое, што хацелася рабіць. І ад пачатку гэта зусім не камерцыйная ідэя, аб’яднаць дзве розныя працы паводле гучання і паводле падыходу. Таму што першая ўрбаністычная частка “Горад” атрымалася нахабнай па падыходзе, па вакальным, прынамсі. Другая зусім іншая. Атрымалася, нібыта спяваюць два розныя чалавекі. Яно так і атрымалася ў жыцці, што спявалі розныя чалавекі. Рабілася, як хацелася рабіць, ніякага разліку на пэўную аўдыторыю не было.

Еўрарадыё: Не баіцеся, што людзі падзеляць дыскі: для некага адзін будзе запатрабаваны, а другі будзе ляжаць, пыліцца…

Лявон Вольскі: Дык няхай так і будзе. Я толькі за. Я чытаў водгукі на форумах. Палова на палову. Палова кажа, што я не аматар цяжкай музыкі, таму мне пасуе другая частка і наадварот.

Еўрарадыё: Пытанне ад слухачоў: “Белы снег, шэры лён”. Чаму раптам адсылка да Цоя?

Лявон Вольскі: У Цоя не лён! У сваёй творчасці я часта цытую. Магчыма, ужо не модны такі постмадэрнізм. Але ўсё адно я і цытую, і змяняю цытаты, таму можа быць так. Гэта не наўмысна зроблена. Проста ў мяне быў такі памер, які ў нечым супадаў з цоеўскім, таму я вырашыў скарыстаць цоеўскія напрацоўкі пра белы снег. Тым болей, што была ранняя зіма, як цяпер, я сядзеў у вёсцы, пісаў другую частку альбома, быў снег… лён…

Еўрарадыё: Чарговае пытанне ад слухача: калі б Лявону ў 1998-м пасля выхаду альбома “Пашпарт грамадзяніна N.R.M.” далі паслухаць альбом “Псіхасаматыка”, то што б ён сказаў?

Лявон Вольскі: Гэта немагчымая сітуацыя, вы ж разумееце. Каб гэта было, каб здарылася так або гэтак — такога не можа быць. У паралельнай рэчаіснасці, можа быць, гэта і было б магчыма, але ў нашай — не. Калі б мне далі паслухаць, то я б сказаў: “Навошта зрабілі два альбомы? Хапіла б цяжкага”. Спытаў бы яшчэ, дзе запісваліся: “У нас?!”.

Еўрарадыё: Часта публіка выбірае за хіты адны песні, а самі музыкі любяць іншыя. Якая для вас самая любімая песня, а якую вы лічыце самай хітовай?

Лявон Вольскі: Я зусім не выбіраю песні паводле ўлюбёнасці і хітовасці. Як толькі рэліз адбыўся — усе любімыя! Потым канцэртная дзейнасць пакажа, што граецца, а што не граецца. Паводле маіх інтэрнэт-назіранняў, для розных людзей абсалютна розныя любімыя песні. Напрыклад, я ніяк наогул не ставіў на песню “Жорны”, але частка людзей схіляецца, што гэта суперхіт. А я не разумею, што там такога хітовага. Мне здаецца, і паводле тэксту і паводле музыкі, гэта такая альтэрнатыўная песня.

Еўрарадыё: Калі б дыск запісвалі не нарвежскія музыкі, а беларускія, якім бы ён быў?

Лявон Вольскі: Былі б больш насычаныя музычна аранжыроўкі, былі б уходы ў розныя брыджы, сола, яшчэ кудысьці. Мне здаецца, што для цяперашняй маёй творчасці гэта не патрэбна. Такая мінімалістычнасць і ўпарадкаванасць Снорэ (Снорэ Бергеруд — нарвежскі саўнд-прадзюсер, мультыінструменталіст, які запісвае сольныя альбомы Вольскага. — Еўрарадыё) мне вельмі пасуе ў маім цяперашнім узросце.

Еўрарадыё: А чаму менавіта нарвежскія музыкі? Там жа край металістаў, а ваша творчасць для іх — як жэстачайшая папса…

Лявон Вольскі: Справа ў тым, што Снорэ — сапраўдны прадзюсар. Ён улічвае мае пажаданні. Час ад часу ўлічвае, час ад часу змяняе. Напрыклад, я дасылаю яму не толькі мелодыю з тэкстам і гармоніяй, а магу даслаць і нейкі ход. Ён можа яго ўлічыць, як, напрыклад, у песні “Дом” або “Мне трэба ісці”. У песні “Жорны” той мой ход, што я яму даслаў, ён расклаў на нейкія складнікі і з іх зрабіў новы ход. Вось так часта бывае. Снорэ — мультыстылёвы чалавек. Хоць сам ён калісьці граў авангардны метал.

Еўрарадыё: Тым не менш, няўжо няма ў нас музыкаў, якія б маглі таксама так мінімалістычна сыграць і добра запісаць?

Лявон Вольскі: Музыкі ёсць, але няма… Я звычайна не люблю дыктаваць нейкіх умоваў. Мне падабаецца, калі ідзе творчы працэс і калі прысутнічаюць рысы агульнай творчасці. Безумоўна, калі трэба, я магу і прыгнесці чалавека, але збольшага, калі ўсе ствараюць, мне гэта вельмі падабаецца. Мая задача зрабіць так, каб усім здавалася, што гэта яны зрабілі разам, а не насядаць, прыгнятаць. І таму былі б нейкія там, як пісалася ў славянскім эпасе “разліваўся мыссю па дрэве”. А гэта на сёння для мяне было б лішнім.

Еўрарадыё: Зноў пытанне ад чытачоў: Лявон, чаму б вам не ўзяць на віленскі канцэрт “Дзецюкоў”?

Лявон Вольскі: З віленскім канцэртам і так цяжкавата, таму што я і так найграў столькі падпольных акцый, дзе выпадкова з’яўляўся з мікрафонам і гітарай у розных месцах. Потым з тымі ж самымі “Дзецюкамі”, якіх я паважаю і люблю, мы з’явіліся на “Партызан-року” у Варшаве, дзе таксама было вельмі шмат нашай публікі. Тут як бы канцэрт не мае патрэбы ў нейкім такім разагрэве. Паверце мне. Тут павінна ўсё быць зроблена канцэптуальна, стылёва. Няхай даруюць мне “Дзецюкі”.

Еўрарадыё: Яшчэ адно пытанне ад слухачоў: Чуў, што вы наладжвалі гітары ў гурце Zet. Ці ёсць якія навінкі ад іх?

Лявон Вольскі: Ад Zet пакуль няма ніякіх навінаў, але мы паглядзім. Ёсць жа такія фармацыі, якія на некалькі гадоў знікаюць, потым зноў узнікаюць. Ніхто ж не казаў пра спыненне дзейнасці. Гэта ж такая зусім падпольная, партызанская каманда. Магчыма, дзе-небудзь і калі-небудзь яна ўсплыве. Калі мне патэлефануюць з просьбай паналаджваць гітары, я вазьму цюнер і пайду.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі