Лукашэнка выказаўся пра расійскія тэлеканалы як пра замежныя

11/02/2020 - 09:03

Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларускія тэлеканалы сыходзіць ад прывязкі да расійскіх платформаў. Такія заявы прагучалі на яго нарадзе з кіраўнікамі беларускіх СМІ 11 лютага. 

Беларускі кіраўнік заявіў, што ў эфіры дзяржаўных СМІ часта бракуе вастрыні і аператыўнасці. 

Ён прапанаваў ім адыходзіць ад замежных платформаў, з якімі супрацоўнічаюць беларускія тэлеканалы. Як вядома, з расійскімі тэлеканаламі супрацоўнічаюць АНТ (з боку Расіі "Першы", ён жа былы ОРТ) і СТБ (з боку Расіі "Рен-ТВ"). 

Лукашэнка заявіў, што замежныя партнёры даюць не заўсёды якасны кантэнт, таму трэба больш сваёй прадукцыі. "Калі мне кажуць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. — Рэд.) сядзіць на платформе ОРТ, я проста гэтага нават не разумею. Наша прастора, наша тэлебачанне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) — пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі хто-небудзь хоча сюды прыйсці — на здароўе, як мы туды. Плаціце грошы, спытайце дазвол, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім — можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак", — цытуе БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.

Ён заявіў, што ў бліжэйшай будучыні павялічыцца колькасць пагроз у беларускім медыяполі. СМІ сёння, па словах Лукашэнкі, гэта паўнавартасная зброя масавага паражэння.

"Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй ўмела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблем, — гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што Беларусь неўзабаве чакаюць цяжкія часы ў інфармацыйным полі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі