Лукашэнка спадзяецца на Індыю: "У даўгу не застанемся"

16/06/2022 - 09:46

Улады Беларусі па-ранейшаму спадзяюцца на вырашэнне праблемы паставак у Індыю калійных угнаенняў. 16 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыняў індыйскага пасла ў РБ Алока Ранджана Джа. У размове ён назваў Кітай "вялікім", а Індыю "вялізнай".

"Хацелі б карыстацца і мець падтрымку індыйскай дзяржавы на ўсіх узроўнях, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — У даўгу не застанемся".

Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне, што "праблемы, якія існуюць ва... ўзаемаадносінах, вырашальныя".

Пра тое, што Беларусь вядзе непублічныя перамовы з Індыяй аб пастаўках калійных угнаенняў (каля 1 млн тон), яшчэ зімой паведаміў Reuters.  Індыя спадзявалася купіць калійныя ўгнаенні ў Беларусі са зніжкай. "Беларуськалій" гатовы быў прыняць ад Індыі аплату нават у рупіях. Як пісаў Bloomberg, Індыя папрасіла Беларусь "удакладніць маршруты дастаўкі" ўгнаенняў. А якраз з гэтым у Мінска былі і застаюцца праблемы. Літва з 1 лютага 2022-га спыніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў (гэта было наступства раней уведзеных амерыканскіх санкцый супраць "Беларуськалія"). У красавіку з'явілася інфармацыя, што Індыя шукае замену калійным угнаенням з Беларусі і Расіі.

Беларускі пасол у Нью-Дэлі Андрэй Ржавускі нядаўна прызнаў, што пастаўкі ў Індыю калійных угнаенняў і грузавікоў "БелАЗ" "пакуль прыпыненыя", шукаюцца "магчымыя шляхі, як можна аднавіць гэтыя пастаўкі ў абыход еўрапейскіх краін". А яшчэ з-за санкцый Захаду ёсць праблемы з аплатай гандлёвых здзелак. "Ёсць прадузятасць з боку індыйскіх фінансавых інстытутаў з нагоды таго, каб не падпасці пад другасныя санкцыі ЗША і ЕС і пазбегнуць рэпутацыйных рызыкаў", — казаў Ржавускі.

Відаць, у Мінска ёсць нейкі план. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб рэалізацыі калійных угнаенняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі