Лукашэнка распавёў пра п'янкі ва ўрадзе: Многія кіраўнікі закладалі за каўнер

31/08/2018 - 12:13

Ва ўрадзе чакаюцца новыя кадравыя перастаноўкі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 жніўня, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае БЕЛТА.

Папярэднія шматлікія адстаўкі кіраўнік дзяржавы нечакана патлумачыў п'янствам сярод чыноўнікаў: "Мне сорамна было пра гэта казаць, але многія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна, за каўнер закладалі прыстойна".

Лукашэнка заявіў, што ён не супраць выпіўкі, але высокапастаўленыя чыноўнікі мусяць сачыць за сабой: "Я ж не кантралюю вас, з кім вы выпіваеце, з кім вы ў лазню хадзіце, з кім размаўляеце. На здароўе. Вы кіраўнікі, вы павінны ўсё гэта ўмець. Але што датычыць п'янкі, вы павінны ведаць сваю меру, вы павінны ведаць, з кім, дзе і колькі, як у народзе кажуць. Калі вы гэта пачуццё губляеце — вы не кіраўнік. і вось па гэтай прычыне нам прыйдзецца з некаторымі ў бліжэйшы час расстацца. Яны не разумеюць, дзе яны працуюць", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што некаторыя чыноўнікі п'юць з нагоды і без нагоды, а потым забываюцца аб працы. Ён прыгразіў, што п'яніц у кіраўніцтве трымаць не будзе. 

"І я гэта кажу тым, хто ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі пачынаюць пакутаваць, стагнаць і выбудоўваць, як я часта кажу, нейкую канспіралогію з нагоды замены тых членаў урада і некаторых службовых асоб, якія адбыліся", — дадаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі