Лукашэнка расказаў дэталі сакрэтнага даклада па праваахоўных органах

20/08/2019 - 13:24

Сакрэтны даклад па працы праваахоўных органаў агучыў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 20 жніўня, перадае БЕЛТА. 

Па яго словах, напярэдадні нарады ён даручыў адпаведным органам улады і структурам падрыхтаваць даследаванне на гэтую тэму. І хаця дакумент сакрэтны, кіраўнік Беларусі вырашыў агучыць яго — "у той ступені, у якой гэта можна зрабіць, не закранаючы асобную канкрэтыку".

Па-першае, ён заявіў пра нізкую якасць даследчых праверак і папярэдняга следства. Міліцыянты павярхоўна даследуюць заявы і паведамленні пра злачынствы, парушаюць парадак і ўмовы правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, у тым ліку выносяць нематываваныя пастановы, вельмі павольна высвятляюць, хто ўчыніў злачынства. 

Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасць Дэпартамента фінансавай разведкі Камітэта дзяржкантролю. Яны, маўляў, стараюцца выявіць як мага большыя сумы нявыплачаных падаткаў і плацяжоў, а не імкнуцца не дапусціць правапарушэнняў у эканамічнай сферы, прадухіліць атрыманне незаконных даходаў. 

Па-другое, Лукашэнка раскрытыкаваў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі з боку праваахоўнікаў. Па яго словах, яны займаюцца ціскам на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу — падазраваных, абвінавачаных, адвакатаў і нават суддзяў. Заявіў ён і пра факты фальсіфікацыяў у працэсуальных дакументах і высновах экспертыз. 

"Пасля сённяшняй гістарычнай нарады па ўсіх гэтых пытаннях ціск будзе ўзмоцнены. І, як я сказаў аграрыям, у сяго-таго вочы на ​​лоб палезуць, калі вы не зменіце падыходы ў гэтай частцы", — дадаў Лукашэнка. 

Гаворачы аб празмерным ужыванні сілы, кіраўнік паведаміў, што ў дзяржаве ёсць непадкантрольныя спецпадраздзяленні. "Прытым выкарыстоўваюць, асабліва гэта для міліцыі характэрна, спецпадраздзяленні. У прыватнасці, спецпадраздзяленне "Алмаз". Ганьбяць хлопцаў толькі. Трэба звярнуць увагу на гэтыя спецслужбы. У нас іх чатыры-пяць падраздзяленняў. Іх трэба ўзяць пад кантроль", — заявіў ён.

Раскрытыкаваў Лукашэнка і неабгрунтаваныя крымінальныя справы (найперш карупцыйныя), якія ў судзе развальваюцца за адсутнасцю складу ці нязначнасцю наступстваў. "Часта ўзбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб набывае шырокую агалоску ў СМІ, а іх наступнае спыненне па рэабілітуючых падставах выклікае негатыўную рэакцыю насельніцтва і з'яўляецца падставай для крытыкі праваахоўных органаў і ўлады ў цэлым", — перасцярог беларускі кіраўнік.

У чацвёртых, Лукашэнка абурыўся складанасцю судовых працэсаў. "У нас склалася такая практыка: суддзі, каб прыняць нейкае рашэнне, трэба куча доказаў і аб'ёмаў нейкіх фактаў злачынстваў. Практыка нягодная! Дастаткова аднаго-паўтара злачынстваў, каб нягодніка пакараць", — запатрабаваў ён.

Раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы і фармальна-статыстычны падыход да ацэнкі праваахоўнай дзейнасці. "Калёным жалезам варта гэта выпаліць. Словамі не дапаможам. Трэба гэта зрабіць на падставе заканадаўчых актаў, бо яны па-ранейшаму будуць ставіць палачкі-галачкі і выхваляцца, якія яны вялікія, колькі расследавалі крымінальных спраў", — заявіў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў, каб справы за хабар пачыналі толькі пры наяўнасці неаспрэчных доказаў. А то часам абвінавачанні грунтуюцца на чыіх-небудзь блытаных успамінах пра падзеі даўніх гадоў. У такіх умовах узрастае рызыка абгавору. 

"Хабар — гэта калі вы зафіксавалі аўдыя, відэа, што чалавеку прынеслі і далі яго. Усё — нікуды не дзенешся, не выкруцішся. А што такое, калі чалавек недзе ўспомніў, што ён камусьці даў хабар? І пачынаецца (гэта асабліва для міліцыі характэрна): хтосьці дзесьці сказаў — чалавеку заламалі рукі і пачалі выкручваць. Павінны быць жалезабетонныя доказы падобных рэчаў, бо мы прыйдзем да таго, што ў грамадстве з'явіцца і буяна будзе квітнець практыка: ня спадабаўся чалавек — агаварыў яго, даў супраць яго паказанні, і пайшлі", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі