Лукашэнка: Расіяне не разумеюць, што яны робяць на мяжы з Беларуссю

01/06/2018 - 12:35

Аляксандр Лукашэнка прапануе Расіі вызначыцца з фарматам прысутнасці памежнікаў на беларуска-расійскай мяжы. У пятніцу ён наведваў заставу "Дывін" у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Падчас сустрэчы з памежнікамі Лукашэнка выказаўся наконт сітуацыі "на ўсходнім накірунку", паведамляе БЕЛТА.

Як вядома, з расійскага боку на мяжы з Беларуссю прысутнічаюць штатныя падраздзяленні памежнай службы ФСБ РФ, якія фактычна займаюцца яе аховай. З беларускага боку падраздзяленняў, якія б пастаянна там неслі службу, няма. Яны могуць там з'яўляцца толькі ў выпадку неабходнасці.

Лукашэнка лічыць, што калі беларусы пачнуць кантраляваць "усходні накірунак", то ад гэтага павінна быць карысць. "Нам нельга прыпадабняцца расіянам, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай мяжы. Хай вызначаюцца".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі ў Маскве вызначацца, у Мінску будуць "гатовыя ў любы момант адэкватна даць адказ".

"Калі яны хочуць закрыць мяжу — калі ласка, — працягвае Лукашэнка. — Зачыняць — мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на мяжы... Мы ведаем, дзе яны навыводзілі свае войскі, стварылі камендатуры і іншую інфраструктуру".

Пры гэтым беларускі кіраўнік прызнае, што межы — гэта "перажытак мінулага... тым больш паміж рускімі і беларусамі". Пытанне беларуска-расійскай мяжы Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць у чэрвені на пасяджэнні вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі