У чацвер Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сочы на перамовы з Уладзімірам Пуціным, паведамляе тэлеграм-канал Пул Першага. Сустрэча беларускага кіраўніка з прэзідэнтам Расіі запланаваная на пятніцу, 7 лютага. Прэс-служба Лукашэнкі адзначае, што гаворка пойдзе пра "шырокі комплекс пытанняў, якія стаяць на парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва".
Прэс-служба расійскага прэзідэнта анансавала рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі. Паведамлялася, што на перамовах плануецца "абмеркаваць актуальныя тэмы расійска-беларускага супрацоўніцтва". Будуць закранутыя "інтэграцыйныя працэсы ў рамках саюзнай дзяржавы".
Як вядома, кіраўнікі Беларусі і Расіі двойчы сустракаліся ў снежні 2019-га, на фоне антыінтэграцыйных акцый у Мінску. Аднак ніякіх дакументаў падпісана не было. Адначасова Беларусь не падпісала з Расіяй дамовы на пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе, а дамова пра пастаўкі прыроднага газу была працягнута толькі на два месяцы. У чацвер Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную забеспячэнню эфектыўнай працы паліўна-энергетычнага комплексу краіны. На ёй прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што ад падатковага манеўру ў Расіі Беларусь страціла летась каля $330 млн.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.