Лукашэнка — пра смяротную кару: Хутка ў Еўропе, можа, будуць вывучаць наш досвед

24/11/2017 - 14:07

Захаванне смяротнай кары ў Беларусі было прынятае на рэферэндуме, таму Аляксандр Лукашэнка сам не можа яго адмяніць. Пра гэта ён заявіў 24 лістапада, інфармуе БЕЛТА.

Па словах кіраўніка дзяржавы, еўрапейцы часта прапануюць прыпыніць або забараніць смяротнае пакаранне. "Я не магу адмяніць асабіста рашэнне, якое прыняў народ", — падкрэсліў Лукашэнка, спасылаючыся на вынікі рэферэндуму 1996 года. Па яго словах, для змены трэба вынесці гэтае пытанне на рэферэндум. 

"Калі мы сёння вынесем пытанне аб смяротнай кары на рэферэндум, мне не трэба вам распавядаць, вы ведаеце, які будзе вынік. Сустракаючыся з кіраўніком МЗС Германіі, я яму таксама сказаў: калі ў вас, у немцаў, сёння выносіць гэтае пытанне на рэферэндум, то пры той тэрарыстычнай атацы, якую зазнае Еўропа і многія краіны свету, ведаеце, які будзе вынік. Бо народ бачыць, якім гэта моцным тормазам можа быць для некаторых шалёных галоў. Таму я яму кажу, што хутка еўрапейцы, можа быць, будуць вывучаць наш вопыт", — упэўнены беларускі кіраўнік.

Ён дадаў, што смяротная кара існуе ў іншых краінах, з якімі сябруе Еўрасаюз — напрыклад, у ЗША ці краінах Блізкага Усходу. Пра гэта Лукашэнка па яго словах, нагадаў міністру замежных спраў Германіі: "Чаму з іх не патрабуеце тое, што патрабуеце з Беларусі? Ён прамаўчаў. Таму і ў гэтым пытанні, я думаю, мы дамовімся".

Ён лічыць, што Беларусь на сёння з'яўляецца "спонсарам бяспекі на еўрапейскім кантыненце". "Мы гэта бачым, мы гэта чуем, мы гэта цэнім і заўсёды будзем ісці насустрач інтарэсам еўрапейскіх дзяржаў, калі перад намі не будуць ставіць пытанне (як гэта было раней, цяпер ужо няма): вы з Расіяй ці вы з Еўропай. Я на такія пытанні нават не адказваю", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі