Лукашэнка — пра новага міністра спорту: "Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй"

05/03/2018 - 11:55

Беларускі спорт на сёння мае больш праблем, чым поспехаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 сакавіка, прызначаючы Сяргея Кавальчука на пасаду мiнiстра спорту i турызму.

Новае прызначэне кіраўнік Беларусі патлумачыў тым, што на гэтую пасаду патрэбны ваенны чалавек — каб навесці парадак. "Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. 

Нагадаем, што папярэдні міністр спорту Аляксандр Шамко прыйшоў з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе меў пасаду генерал-маёра. Новы міністр Сяргей Кавальчук да прызначэння служыў у Службе бяспекі кіраўніка дзяржавы. 

Лукашэнка чарговы раз адзначыў, што спартовыя перамогі — гэта своеасаблівая ідэалогія. "Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і поспехаў. Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сістэму. Але галоўнае — там бракуе дысцыпліны. Трэнерскі склад працуе агідна, за выключэннем некаторых", — абазначыў праблемы кіраўнік Беларусі.

Таксама ён паставіў перад новым міністрам задачу выбудаваць ўзаемаадносіны са спартовымі федэрацыямі, правільна загрузіць іх. Асаблівую ўвагу Лукашэнка звярнуў на падрыхтоўку нарады па развіцці зімовых відаў спорту, якую ён хоча правесці.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным прасоўваць спорт у масы. Як прыклад ён назваў спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер", якія завяршыліся напярэдадні. На фінал турніру з'явілася шмат удзельнікаў, а для заўзятараў падрыхтавалі забаўляльную праграму. "Цяпер юнацкі чэмпіянат свету па біятлоне праходзіць — сорамна глядзець. Нуль чалавек на трыбунах, для каго гэтыя людзі выступаюць? У нас праводзілі гэты чэмпіянат — мора людзей было. Вядома, людзей трэба запрашаць", — заявіў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі