Лукашэнка паведаміў, хто павінен гуляць у ХК "Дынама-Мінск"

10/06/2019 - 11:00

Хакейны клуб "Дынама-Мінск" павінен зрабіць стаўку на беларускіх гульцоў а не легіянераў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня на сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета клуба. 

Па словах Лукашэнкі, у Беларусі не збіраюцца фінансаваць легіянераў. "Трэба браць сваіх хлопцаў. Натуральна, тры-чатыры легіянеры: брамніка ў нас няма моцнага. Яго і не будзе, калі нашы не будуць стаяць у браме. Так, трэба хтосьці ў першую тройку, але трэба ставіць сваіх і гуляць", — перадае патрабаванні кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Беларускі кіраўнік нагадаў, як напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка мінскае "Дынама" правяло суперсерыю супраць зборнай клубаў экстралігі. І ў гэтым турніры дынамаўцы, на яго думку, паказалі сябе не горшым чынам. 

"Я яшчэ раз паўтараю: у кожнага дзве нагі, дзве рукі і галава — і ў расіян, і ў канадцаў, і ў амерыканцаў, і ў нашых. Хочуць гуляць і грошы зарабляць (што тут граху таіць) — хай ідуць і гуляюць. Не могуць — значыць, няма чаго з імі размаўляць. Я кажу пра беларусаў. А цягнуць сюды легіянераў з усяго свету і не трапляць у плэй-оф — нам такія гульні не трэба. Навошта вярэдзіць душу і сэрца заўзятараў, яны ж прыходзяць і перажываюць", — патлумачыў свае матывы Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад Шуневіча накіраваць усе намаганні на развіццё беларускага спорту і, у прыватнасці, хакея.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі