Лукашэнка падарыў пенсіянеркам пуховыя хусткі, а ў адказ атрымаў падушку

05/01/2016 - 12:44

Пуховыя хусткі ад імя Аляксандра Лукашэнкі атрымалі ў падарунак жанчыны, якія пражываюць у гарадскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы "Світанак" ў Мінскім раёне.

Кіраўнік Беларусі наведаў гэты інтэрнат 5 студзеня, паразмаўляў з яго жыхарамі. Падчас чаявання Лукашэнка запэўніў, што дзяржава і надалей будзе клапаціцца пра старых. Ветэраны падзякавалі яму таксама за кавуны, перададзеныя раней з ураджаю, вырашчанага на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

Пад заканчэнне сустрэчы ветэраны разам з Лукашэнкам выканалі знакамітую "Кацюшу" ды іншыя песні, паведамляе БЕЛТА.

У каментары "Комсомольской правде" дырэктар дома-інтэрната Алена Варывончык паведаміла, што і краўнік Беларусі з'ехаў ад іх не з пустымі рукамі: "Мы яму падарылі падушку-цацку анёла-ахоўніка. Гэта падушка, але не звычайная: яна з ручкамі, ножкамі, тварам, у шапачцы і з крылцамі".

У доме-інтэрнаце "Світанак" пражываюць 92 чалавекі — 37 мужчын і 55 жанчын. Сярод іх 18 ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, 52 ветэраны працы і 10 чалавек на ўмовах пажыццёвага ўтрымання.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі