Лукашэнка на МТЗ успомніў, што маці вучыла яго не браць чужога

29/05/2020 - 11:50

29 траўня падчас наведвання МТЗ Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. Ён згадаў, што "некаторыя людзі" прапануюць прадаць прадпрыемствы, а з дапамогай атрыманых грошай правесці рэформы. "Прыгожа гучыць", — сказаў Лукашэнка. Але ён не верыць, што грошы пайшлі б на рэформы. "Грошы раскладуць па кішэнях",цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

"Я часта ўспамінаю сваю маці, якая мяне з дзяцінства вучыла, — гаварыў працоўным МТЗ Аляксандр Лукашэнка. — Я ўжо прэзідэнтам стаў, а яна мяне ўсё вучыць. Яна мне заўсёды з дзяцінства казала: не чапай чужога".

Па словах Лукашэнкі, гэтыя яе словы і тое, што "усё павінна быць справядліва", сталі для яго "законам жыцця". І ён не можа прадаваць прадпрыемствы, якія стваралі папярэднія пакаленні беларусаў. Ён прапанаваў рабочым паспрабаваць самім папрацаваць, каб тавар, які вырабляецца, "быў патрэбны людзям". А калі яны будуць працаваць кепска, то будуць "хадзіць жабракамі".

90-гадовая маці кіраўніка дзяржавы, Кацярына Трафімаўна Лукашэнка, памерла роўна пяць гадоў таму. Яе пахавалі на могілках вёскі Хімы ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Яны знаходзяцца недалёка ад роднай вёскі Лукашэнкі — Александрыі-2. У ёй яго маці пражыла амаль усё жыццё. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка вырас без бацькі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі