Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння ўзнагарод / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская контрвыведка гатовая прад'явіць прэтэнзіі "ўжо не нейкаму Хайка Маасу, міністру замежных спраў Германіі", але і "самому канцлеру і камусьці з кіраўніцтва Германіі". Цытату прыводзіць агенцтва БЕЛТА.
У пятніцу Лукашэнка ўручаў дзяржаўныя ўзнагароды з нагоды Дня незалежнасці. На цырымонію ён прыйшоў крыху пазней, чым планавалася. Сваё спазненне патлумачыў тым, што "сёння заканчвалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную аперацыю".
"Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб'ектаў", — сказаў Лукашэнка. Падрабязнасці ён абяцаў расказаць "найбліжэйшым часам".
Нямецкаму кіраўніцтву ўжо даставалася ад Лукашэнкі. Падчас выступу ў Брэсцкай крэспасці 22 чэрвеня ён успамінаў пра словы кіраўніка МЗС Германіі Хайка Мааса, які заявіў, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі могуць быць яшчэ пашыраныя.
"І няхай мы тут здохнем. Спадар Маас, вы хто? Немец, які ўчора каяўся, або спадкаемца нацыстаў? Вы хто? Адкажыце публічна", — запатрабаваў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут