Лукашэнка: "Будзем арыентаваць на чалавечыя рэсурсы. Плюс сала"

13/04/2018 - 15:43

На нарадзе па зімовых відах спорту 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да харчавання спартоўцаў. 

Да тэмы харчавання ён звярнуўся падчас гутаркі пра допінг. Кіраўнік Беларусі згадаў пра гучныя допінг-скандалы ў сусветным спорце. "Санкцыі ўжываюцца не толькі ў дачыненні да асобных спартоўцаў, але і ў дачыненні да цэлых краін", — перадае БЕЛТА яго словы.

"Таму давайце будзем арыентаваць на чалавечыя рэсурсы. Плюс сала. Спорт павінен быць чыстым. Даравання ў гэтым плане не будзе. Гэта ўжо не тыя часы. Вы бачыце, на які ўзровень узнятая гэтая праблема", — дадаў ён.

Лукашэнка даручыў Мінспорту і Мінздароўя заняцца харчаваннем спартоўцаў. "Які вы хочаце ад іх вынік, калі яны не сочаць за сваёй вагой? Чаму гэтае пытанне не кантралююць лекары нацыянальных камандаў?" — задаўся ён пытаннем.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што яго лекар быў вымушаны разам з дыетолагамі заняцца харчаваннем асобных спартоўцаў. Некаторыя з іх не датрымоўваліся рэжыму харчавання, а калі было неабходна скінуць вагу, то спрабавалі вырашыць гэтую праблему за некалькі дзён народнымі спосабамі. "Усе ў сацыяльных сетках абмяркоўвалі, калі я жартам сказаў, што лепшы допінг гэта сала. Гэта не я прыдумаў. Гэта лепшы энергетык для любога спартоўца, асабліва для хакеіста, лыжніка", — звярнуў увагу Лукашэнка.

Заява пра сала прагучала падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з алімпійскімі і паралімпійскімі чэмпіёнамі 29 сакавіка. Тады ён заявіў, што пасля трэніроўкі трэба есці сала з кавалкам чорнага хлеба. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі