Лукашэнка абураны, што здачу стадыёна “Дынама” адклалі на 2018 год

07/09/2017 - 14:19

Аляксандр Лукашэнка абураны, што здачу стадыёна “Дынама” адклалі на 2018 год. У чацвер ён правёў пасяджэнне выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэта, прысвечанае правядзенню ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Як вядома, раней планавалася, што рэканструкцыя мінскага стадыёна “Дынама” будзе скончаная да канца 2017 года. Аднак 6 верасня старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў, што тэрміны здачы аб’екта перанеслі на лета 2018 года. Прычынай называлася тое, што арганізацыя з Маладзечна, які займаецца мантажом навесу над трыбунамі, раней падобнымі работамі не займалася. З-за гэтага і спатрэбілася больш часу на мантаж, а добраўпарадкаванне поля адклалі — там стаяць пад’ёмныя краны.

“Якія праблемы, напрыклад, замінаюць увесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён “Дынама” у 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем прэзідэнта? — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Усе выдатна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэставаць з кропкі гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымонію адкрыцця і закрыцця Гульняў”.

Таксама Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ўрад прапанаваў яму перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплексу ва Уруччы. “Я нават не задаю пытанне, позна гэта ці не, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапаноў на маё імя пра перанос тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць зроблена ў тэрмін”.

Фота: president.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі