Луцкі: часопісы "Полымя", "Нёман", "Маладосць" выведуць з холдынгу "Звязда"

25/02/2021 - 11:02

Міністэрства інфармацыі вырашыла перафарматаваць друкаваныя СМІ. Гаворка пра гэта ішла на калегіі Мінінфарма, дзе падводзіліся вынікі 2020 года.

Міністр Ігар Луцкі заявіў, што друкаваная прэса павінна сысці ад навінавага кантэнту і заняцца расследаваннямі ды аналітыкай. Увогуле ж дзяржаўныя выданні павінны рабіць акцэнт на інтэрнэт-вяшчанні, працы ў сацыяльных сетках і месенджарах, перадае БЕЛТА.

"Лічу, холдынг "Звязда" павінен памяняць фармат працы: яны павінны вярнуцца ў рэчышча грамадска-палітычнай інфармацыі. У гэтай сувязі мы пераводзім літаратурныя часопісы "Полымя", "Нёман", "Маладосць" у выдавецтва "Мастацкая літаратура", — заявіў Луцкі.

Змены плануюцца і ў дзейнасці рэгіянаьных выданняў. Іх міністр хоча таксама з'яднаць у холдынгі: "Раённую прэсу неабходна падпарадкаваць альбо наўпрост аблвыканкамам, альбо стварыць холдынгі на базе абласных газет. Гэта дазволіць аптымізаваць выдаткі, у некаторай ступені развязаць рукі журналістам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі