Літва заклікае Еўракамісію абмежаваць імпарт прадуктаў харчавання з РБ і РФ

27/03/2024 - 18:17

Збожжа, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Літва заклікае Еўракамісію да больш строгіх санкцый супраць імпарту прадуктаў харчавання з Беларусі і Расіі на рынак ЕС. Пра гэта на пасяджэнні Савета міністраў сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ЕС заклікаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Літвы Вітаўтас Абукаўскас, піша DELFI.

Ён падкрэсліў, што Літва ўжо ўвяла больш жорсткі кантроль за пастаўкамі збожжа з Расіі ды іншых краін высокай рызыкі. "Правяраецца кожны вагон або транспартны сродак, які ўвозіць прадукцыю — як збожжа, прызначанае для літоўскага рынку, так і збожжа, экспартаванае праз Клайпедскі порт. Мы павінны дзейнічаць разам, таму што рашэнні асобных краін ЕС аб абмежаванні імпарту не дадуць жаданага выніку, бо імпарт прадуктаў харчавання, у тым ліку збожжа, свабодна даступны ў іншыя краіны ЕС", — заявіў Абукаўскас.

Ён прывітаў прапанову Еўракамісіі павысіць пошліны на збожжа, насенне алейных культур і прадуктаў з іх, якія імпартуюцца з Расіі і Беларусі. Пры гэтым прадстаўнік Літвы назваў такія меры недастатковымі.

20 сакавіка міністры сельскай гаспадаркі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі прапанавалі Еўракамісіі забараніць імпарт збожжа з Беларусі і Расіі ў Еўрасаюз. Яны заявілі, што даходы ад экспарту збожжа ў ЕС Расія выкарыстоўвае для фінансавання вайны з Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі