"Лік шкоды пойдзе на мільярды": Чалы пра закрыццё шляхоў зносін з Польшчай

15/11/2021 - 17:18
На думку Сяргея Чалага, санкцыі ад ЕС блякнуць на фоне магчымай транспартнай "заслоны" з боку Польшчы / фота акаўнта Straż Graniczna

Цяперашняя эканамічная сітуацыя ў Беларусі: ці пагодзіцца Нацбанк уключыць друкарскі станок?

— Наколькі я ведаю, ён [Нацбанк. — Еўрарадыё] пагадзіўся, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — Ён сказаў, што ў пэўных межах, прыкладна на мільярд рублёў, мы можам набыць сваімі ўласнымі грашыма аблігацыі Банка развіцця.

Банку развіцця дадзена права выпускаць свае ўласныя аблігацыі, і механізм адладжаны. Як даць грошы Банку развіцця? Купіць яго аблігацыі, і пасля гэтага ў яго з'явяцца свабодныя рэсурсы, якія далей ён будзе выкарыстоўваць на сваё меркаванне.

А ці прасочваецца якая-небудзь сувязь паміж сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы і запускам "Паўночнага патоку 2"?

— Мне здаецца, што "турыстычны крызіс", хутчэй, перашкаджае, — мяркуе аналітык. — Я не бачу тут выгады для Расіі. Для іх гэта таксама вельмі важны праект, і цяпер [нельга. — Еўрарадыё] запляміцца. Калі дапусціць, што Расія нейкім чынам у гэтым удзельнічае, то ім прасцей у гэтай сітуацыі нарывацца на санкцыі ў адказ з нагоды "Паўночнага патоку 2", тым больш што механізм для гэтага ёсць. Іх задача, наадварот, у тым, каб гаварыць, маўляў, хлопцы, мы ў кожным разе надзейны сябар і партнёр і мы дапаможам вам вырашаць энергетычны крызіс. Я думаю, што гісторыя з "турыстамі" на мяжы ніякім чынам не ў інтарэсах "Паўночнага патоку".

Мігранты ў пункце пропуску "Брузгі", 15 лістапада 2021 года / БЕЛТА

15 лістапада прэс-сакратар Крамля Пяскоў заявіў, што Расія "можа дапамагчы вырашыць крызіс з мігрантамі ў якасці перамоўнага пасярэдніка". Гэта ўсе інструменты, якія на цяперашні момант даступныя для РФ?

— Расія заўсёды хоча быць пасярэднікам, калі адным з бакоў канфлікту выступае яе хаўруснік. Гэта абсалютна ўкладваецца ў вобраз дзеяння Расіі, — упэўнены Чалы. — Па сканчэнні года вельмі непрыемным адкрыццём для Крамля было тое, што ў іх вельмі мала інструментаў ціску на Лукашэнку. А ён усё больш дэманструе тое, што не ім круцяць, а ён здольны залучаць Крэмль у свае планы.

А што ім, з іншага боку, рабіць? Атрымліваецца, што і паўплываць на гэта неяк у іх магчымасці няма. Гэта спецыфічныя адносіны ўзаемазалежнасці, калі табе здаецца, што твой малодшы брат залежыць ад тваёй матэрыяльнай падтрымкі, але ў сапраўднасці ты сам знаходзішся ў такім становішчы, калі ты і адмовіць яму ў нейкі момант не можаш.

Мне спадабалася метафара Баграцова. Маўляў, уявіце, што вы бацька і ў вас ёсць непаўналетняе дзіця, якому вы даяце кішэнныя грошы. Вам не падабаецца, як яно іх выдаткуе. Але хіба можаце вы не даваць гэтыя грошы?

Новы пакет санкцый ЕС супраць беларускага рэжыму: ці спрацуе ён і чаго чакаць?

— Я не думаю, што санкцыі будуць асабліва цяжкія для беларускай эканомікі. Мне здаецца, што самая вялікая пагроза знаходзіцца ў магчымым перакрыцці мяжы з Польшчай, закрыцці аўтамабільных і чыгуначных зносін, — падкрэслівае аналітык. — У нас тут ідзе асноўны транзітны паток: кантэйнеравозы кітайскага "Шаўковага шляху", ільвіная доля транспартных паслуг, якая аказваецца аўтаперавозчыкамі, і гэтак далей. Калі гэта адбудзецца, то любыя санкцыі блякнуць перад такой шкодай для эканомікі. Лік пойдзе не на дзясяткі мільёнаў долараў у месяц, лік пойдзе на мільярды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі