Лазавік абвінаваціў "асобных назіральнікаў" у канфліктах на участках

08/10/2015 - 15:07

Асобныя беларускія назіральнікі на прэзідэнцкіх выбарах спрабуюць знарок справакаваць канфлікты на выбарчых участках. Пра гэта заявіў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Чыноўнік кажа, канфлікты паміж назіральнікамі і чальцамі выбаркамаў зафіксаваныя і ў Мінску, і ў рэгіёнах.

"Не сакрэт, што ў нас у рэспубліцы некаторыя палітычныя арганізацыі першапачаткова паставілі сабе мэту даказаць, што выбары ў Беларусі недэмакратычныя, што няма свабоды і наогул няма выбараў. І, натуральна, назіральнікі ад гэтых арганізацый не выконваюць тых функцыяў, якія нам хацелася б, каб яны выконвалі, — выяўлялі недахопы і дапамагалі іх выпраўляць. Яны наадварот нават, калі недахопаў няма, імкнуцца неяк справакаваць канфлікт на выбарчым участку. Калі такога назіральніка выдаляюць з выбарчага ўчастка, можна сказаць, што ён сваёй мэты дасягнуў — справакаваў канфлікт і потым надаў яго агалосцы", — перадае БЕЛТА словы сакратара ЦВК.

Лазавік адзначыў, што падчас датэрміновага галасавання былі зафіксаваныя факты, калі назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі. Па яго словах, гаворка ідзе пра адзінкавыя выпадкі. Назіральнікі, кажа Лазавік, патрабавалі ад чальцоў камісій тое, што выходзіць за рамкі іх паўнамоцтваў, і атрымлівалі адмову.

Замежныя назіральнікі, кажа чыноўнік, як правіла, за рамкі сваіх паўнамоцтваў не выходзяць.

Фота: БЕЛТА

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі