У любой незразумелай сітуацыі ўлады закрываюць статыстыку / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У чэрвені Белстат паказаў статыстыку па знешнім гандлі таварамі за красавік, але вельмі моцна зрэзаную. Раней было відаць, колькі і чаго прадавала Беларусь у розныя краіны нават у штуках і кілаграмах. Цяпер заблакаваныя звесткі за ўвесь 2022 год. Даступна толькі, на якія сумы Беларусь закуплялася або прадавала за мяжу. Што пастаўляецца, застаецца толькі гадаць.
Атрымліваецца несумленна: на працу Белстата скінуліся ўсе, а вынік могуць убачыць толькі адзінкі. Еўрарадыё згадала, што яшчэ ўлады схавалі ад беларусаў і як мы лавілі іх на хітрасці.
У інфармацыйнай сістэме Белстата не знайсці звестак пра гандаль зброяй і каштоўнымі металамі. З 2016 года перастала публікавацца статыстыка па тытунёвых вырабах. Нежаданне паказваць, каму Беларусь прадае зброю, можна зразумець.
Засталіся толькі агульныя лічбы па змяненні дзярждоўгу.
Яшчэ адным правальным кірункам для ўладаў стала інфляцыя. Тут хуценька звярнуліся да крэатыву. Каб не паказваць па выніках 2021 года непрыгожую лічбу па інфляцыі — аж 10% пры плане ў 5%, — Нацбанк вырашыў напісаць 9, 97%. Хоць раней другая лічба пасля коскі акруглялася.
Гадавая інфляцыя па выніках траўня 2022 года склала ўжо 17%. Хітрыкі накшталт сотых у паказчыку не дапамогуць, таму Нацбанк вырашыў схаваць хоць нешта.
Таксама ў Беларусі ў апошнія гады расце колькасць указаў Лукашэнкі, якія не публікуюцца ў адкрытым доступе. На гэта звярнуў увагу Ягор Лебядок. Калі ў 2019 годзе ўтоена было 60 указаў з 503, то са студзеня па 7 снежня 2021 года іх набралася ўжо 155 з 479 указаў.
— Да такіх указаў адносяцца ўказы, якія змяшчаюць адмовы ў памілаванні асуджаных на найвышэйшую меру пакарання, указы аб прыёме ў грамадзянства, і ў цэлым указы, якія змяшчаюць службовую інфармацыю абмежаванага распаўсюджвання і дзяржаўныя сакрэты, — напісаў Ягор Лебядок.
Частку прымацаваных тэкстаў мы падрыхтавалі ў тым ліку на падставе цяпер ужо схаваных дадзеных Белстата. Хоць у экспертаў і журналістаў яшчэ застаюцца спосабы знаходзіць інфармацыю, палітыка крывога люстэрка перашкаджае людзям і бізнесу планаваць жыццё і працу ў Беларусі. Але гэта, мабыць, улады зусім не хвалюе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут