Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў за падзеямі ва Украіне не забываць пра беларусаў

08/08/2022 - 19:44

Падчас вайны ва Украіне не варта забывацца на грамадзянскую супольнасць беларусаў. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Напярэдадні другой гадавіны пратэстаў у Беларусі ён сустрэўся 8 жніўня з Святланай Ціханоўскай ды іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, піша delfi.lt.

"Як і два гады таму, сёння краіна мае патрэбу ў падтрымцы дэмакратычнага свету. Беларусь, якая імкнецца да свабоды, павінна заставацца на парадку дня як літоўскай, так і міжнароднай палітыкі. Я веру, што згуртаваныя намаганні дэмакратычных сіл Беларусі і ўсіх нас дапамогуць рэалізаваць галоўную мэту — як мага хутчэй правесці дэмакратычныя выбары ў краіне", — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі. 

Паведамляецца, што падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. 

Ландсбергіс падтрымаў памкненне беларусаў супрацьстаяць ўдзелу афіцыйнага Мінску ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Таксама ён выказаў падтрымку беларусам, якія супраціўляюцца намаганням Крамля знішчыць незалежнасць Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі