Хто стаіць за прыватнымі школамі, якія выжылі пасля лукашэнкаўскіх чыстак

07/05/2024 - 16:55

Рэжым пакінуў толькі "сваіх" / t.me/buroBY/

"Бюро" ў сваім расследаванні паспрабавала разабрацца, хто стаіць за прыватнымі школамі, якія выжылі ў Беларусі пасля лукашэнкаўскіх чыстак. Ліцэнзію на дзейнасць з 35 атрымалі толькі 6 школ: "Канкорд", "Эка-Эл", "Альтэрнатыва", "Іхвіс", Мінская міжнародная гімназія і "Елісеевы палі". Калі з Мінскай міжнароднай гімназіяй усё зразумела — яе заснавала Ірына Абельская, маці Мікалая Лукашэнкі, то прычыны, чаму на рынку пакінулі астатнія пяць школ, менш відавочныя. 

Магілёўская прыватная школа "Канкорд" атрымала сваю ліцэнзію апошняй — у красавіку 2023-га. У 2021 годзе яе стварыў буйны бізнесмен Яўген Баскін. Падчас зачысткі прыватная школа "схавалася" пад крыло СШ № 12 Магілёва, а з восені мінулага года зноў стала самастойнай. Без адпаведных сувязяў з мясцовымі ўладамі гэтая "камбінацыя" была б немагчымая. Эксперт са сферы адукацыі кажа, што "закон працуе не для ўсіх, а для абраных", бо некаторых кіраўнікоў прыватных школ папярэдзілі: "Будзеце шукаць магчымасці неяк застацца ў гульні, мы вас пасадзім". Таму іншыя не змаглі скарыстацца варыянтам "Канкорда". У гэтай школе цяпер навучаецца 85 дзяцей. За год бацькі выкладваюць 5250 долараў.

"Эка-Эл" знаходзіцца ў Ждановічах. Назва паходзіць ад рускамоўнага словазлучэння "Экология личности" ("Экалогія асобы"), але аўтары расследавання называюць яе "Экалогія эліты". У школу немагчыма патрапіць звычайным людзям. Цікава, што яна аднавіла навучанне ў пачатку лістапада 2022-га яшчэ да таго, як "легалізавалася". "Гэта такая "школа для сваіх", у якой вучыцца ўнук Віктара Шэймана, таму яе і пакінулі", — паведаміла "Бюро" крыніца са сферы адукацыі. Там жа вучыцца і ўнучка іншага паплечніка Аляксадра Лукашэнкі Уладзіміра Канаплёва. Там ёсць і дзеці бізнесменаў, банкіраў. Навучанне каштуе 600 еўра на месяц. У 2023-м прыбытак склаў 80 тысяч рублёў. "Эка-Эл" — прамы канкурэнт для Мінскай міжнароднай гімназіі, заснаванай Абельскай.

"Альтэрнатыва" таксама змагла аператыўна аднавіць працу. Дапамагла не толькі няўнасць сярод вучняў членаў БРСМ, а сярод настаўнікаў — "Белай Русі". Падчас зачысткі пасаду дырэктара Дэпартамента кантролю якасці Мінадукацыі займаў Міхаіл Мірончык, які курыраваў ліцэнзаванне і акрэдытацыю школ у краіне. Раней ён доўгі час прапрацаваў у "Альтэрнатыве". А цяпер стаў дэпутатам. Адзін месяц навучання ў школе каштуе 1500 рублёў. Вольных месцаў няма. У 2023 годзе быў атрыманы мільён рублёў чыстага прыбытку.

"Іхвіс" — гэта прыватная школа сумнавядомага Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра, які падзяляе пралукашэнкаўскую палітыку, а таксама падтрымлівае мілітарызацыю і рускі свет. Не дзіўна, што ў лістападзе 2022-га школа аднавіла сваю працу. Навучанне ў ёй каштуе 1000 рублёў за месяц. Летась школа спрацавала з прыбыткам у 108 тысяч рублёў.

"Елісеевы палі" — гэта толькі дзіцячы садок і пачатковая школа. Заснавальніца навучальнай установы — Алена Мяшкова. Паводле слоў Мяшковай, актыўна ўдзельнічае ў справах школы і загадвае фінансамі яе муж Максім Мяшкоў, які раней служыў у міліцыі, а пасля стаў бізнесменам. Крыніца са сферы адукацыі дапусціла, што "Елісеевы палі" пакінулі на рынку, таму што гэта "суперлаяльная школа, якая ніколі ні ў чым сябе не запляміла перад дзяржавай". Штомесяц за навучанне трэба плаціць 2100 рублёў. Пачатковая школа спрацавала ў 2023-м з чыстым прыбыткам у 292 тысячы рублёў.

На фоне іншых прыватных школ Мінская міжнародная гімназія Ірыны Абельскай вылучаецца тым, што ад самага моманту заснавання атрымлівае ў тым ліку дзяржаўнае фінансаванне. У справаздачах гімназіі з 2020-га па 2023 год пазначаецца, што яна за 4 гады атрымала 6,6 млн рублёў мэтавага фінансавання. З іх толькі 2,3 млн рублёў былі "бязвыплатнай або спонсарскай дапамогай". Астатнія грошы праходзяць па артыкуле "іншыя паступленні" і складаюць 4,2 мільёна рублёў. 2023 год кампанія скончыла з прыбыткам у 257 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі