Холдынг сяброўкі Віктара Лукашэнкі уладкоўвае на працу экс-кадэбістаў

10/03/2026 - 13:53

Камітэт дзяржбяспекі

Былыя кадэбісты знаходзяць "дах" у кампаніі, якой кіруе Людміла Няронская — блізкая сяброўка сям'і Віктара Лукашэнкі. Пра гэта даведаліся журналісты-расследвальнікі з "Бюро".

13 лютага 2026 года ў Беларусі была зарэгістраваная новая юрыдычная асоба — ЗАТ "Алвілія". Гэтая форма ўласнасці не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў. Але "Бюро" высветліла, што пры рэгістрацыі фірмы быў пазначаны той жа мабільны нумар, які выкарыстоўвала для адкрыцця сваіх кампаній "рыбная каралева" Людміла Няронская: "Марскія сезоны", "Марскія промыслы", "Марская мануфактура", "Марскі вектар" і "Марская гавань".

Дзякуючы "Кіберпартызанам" расследвальнікі выявілі, што нумар належыць Дзмітрыю Храптовічу. У 1990-х ён скончыў акадэмію МУС і перайшоў на службу ў КДБ. Таксама крыніцы з сілавых ведамстваў кажуць, што ён быў у Службе бяспекі Лукашэнкі (СБП). У студзені 2010 года ён разам з Ліліяй Лукашэнка лятаў у Варшаву і назад у Мінск. У той час Храптовіч быў супрацоўнікам кампаніі "БТ тэлекамунікацыі", якая належала "гаманцу" Лукашэнкі Уладзіміру Пефціеву.

Цяпер Храптовіч працуе ў "Марскіх сезонах" і "Марскіх промыслах". Таксама ён уваходзіць у рэвізійную камісію кампаніі "Союзные рыбные промыслы" — гэта буйны актыў Няронскай ва Уладзівастоку.

У тэлефонным каментары журналістам Храптовіч сказаў, што ў холдынгу Няронскай працуе юрыстам. Ён не пацвердзіў, але і не абверг супрацоўніцтва з КДБ і СБП. Абверг ён толькі паездку з Ліліяй Лукашэнка ў Варшаву і заявіў, што ніколі ў гэтым горадзе не быў.

"Алвілія" плануе займацца здачай унаймы ўласнай і арандаванай нерухомай маёмасці. Яе юрыдычны адрас — прамвузел Калядзічы, вул. Бабушкіна, 45. Дарэчы, той самы адрас мае новы перапрацоўчы завод "Марскія сезоны", які Няронская запусціла ў лістападзе 2025 года.

"Бюро" паспрабавала ўзяць выпіску з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), каб даведацца імя дырэктара "Алвіліі". Аднак Мінюст адказаў адмоўна. Раней паведамлялася, што беларускія ўлады засакрэцілі звесткі фірмаў, звязаных з Людмілай Няронскай.

Мяркуецца, што такая сакрэтнасць звязаная з тым, што ў бізнесе Няронскай мае непасрэдны фінансавы інтарэс сям’я Віктара Лукашэнкі — яны блізкія сябры "рыбнай каралевы". Так, у кампаніях Няронскай працуе зяць Віктара Лукашэнкі – Дзмітрый Дзятлаў. Сыну Віктара, Аляксандру Лукашэнку-малодшаму, належыць 20% акцый у кампаніі "Сезон упакоўкі".

У "Бюро" мяркуюць, што "Алвілія" была створаная як асабістая таемная фірма сям’і Віктара Лукашэнкі. Пра гэта сведчыць назва кампаніі, падобная на акронім: Аляксандр + Віктар + Лілія = "АлВіЛія".

Раней такім чынам стварыла свой творчы псеўданім жонка Дзмітрыя Лукашэнкі. Свае ініцыялы Ганна Сяргееўна Лукашэнка яна зашыфравала ў творчым псеўданіме Ганна Сялук. Тое ж яна зрабіла і з фірмай "АНСЛ прадакшн", склаўшы назву кампаніі з сваіх імя (у рускай версіі Анна), імя па бацьку і прозвішча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі