Картка агента "Альфа", які здаў "Смершу" беларускага генерала Езавітава (фота)

21/12/2018 - 11:50

Сярод апублікаваных картак агентаў латвійскага КДБ знайшлася картка беларуса Браніслава Юрэвіча, 1913 года нараджэння. Ён быў завербаваны савецкай дзяржбяспекай у жніўні 1944 года і перапраўлены ў Германію. Юрэвіч уладкаваўся на працу ў Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў Беларускай цэнтральнай рады ў Берліне, увайшоў у давер да генерала Кастуся Езавітава (яны былі знаёмыя з часоў міжваеннай Латвіі). А ў красавіку 1945-га агент дапамог "Смершу" арыштаваць Езавітава, які пасля перанесенай аперацыі не мог самастойна пераехаць у амерыканскую зону акупацыі Германіі.

Кастусь Езавітаў (1893 — 1946) — вядомы беларускі дзеяч з часоў Беларускай Народнай Рэспублікі. У міжваенны час жыў у Латвіі, быў адным з лідараў мясцовага беларускага руху. Падчас Другой сусветнай вайны з дазволу нямецкіх акупантаў удзельнічаў у стварэнні беларускіх вайсковых фармаванняў. Пасля арышту ў Германіі, Езавітава прывезлі ў Мінск. Па адной версіі, ён памёр у турме, па іншай — быў расстраляны.

Яшчэ ў 1990-я гады была апублікаваная справаздача Браніслава Юрэвіча пра сваю місію ў Германіі ў 1944-1945 гадах і ўдзел у арышце Езавітава. З карткі вядома, што ён меў псеўданім "Альфа" (у публікацыі — "Марс"). У пачатку 1954 года яго выключылі з ліку савецкай агентуры ў сувязі "з немагчымасцю далейшага выкарыстання".

Фота: kgb.arhivi.lv

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 21.12

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі