Канфлікт BOpromo і “Корпус 8”: у нас супрацьлеглае бачанне канцэпцыі прасторы

12/04/2016 - 15:01

З яшчэ неадкрытага сталічнага “Корпуса 8” нечакана сыходзіць каманда BOpromo, якая рамантавала першы паверх крэатыўнага хаба, рабіла з яго культурную пляцоўку, планавала прывесці туды людзей ды запусціць і раскруціць месца. У каментарыі Еўрарадыё Аляксандр Багданаў (Papa Bo), з якім напрамую асацыюецца новая сталічная пляцоўка, тлумачыць сыход рознагалоссямі з кіраўніком і галоўным арандатарам памяшкання Вадзімам Жуком.

“Усе, хто працаваў над гэтым праектам, бачылі ў яго будучай канцэпцыі адно, а Вадзім першапачаткова не агучыў свайго бачання, — тлумачыць кіраўнік BOpromo. — А пасля ён пачаў прасоўваць сваё бачанне, якое для нас абсалютна чужое і, нават, супрацьлеглае. Думаю, што добра ўсё гэта ахарактаразуе адзін яго выраз: калі ласка, не ўжывайце слова культура ў каментарыях для прэсы пра “Корпус 8”, каб наша месца не асацыявалася з культурай, а асацыявалася з бізнесам”.

"Корпус 8" — "незалежная прастора для абмену досведам паміж прадстаўнікамі крэатыўных індустрый, выбудоўвання ўзаемаадносін для рэалізацыі сумесных праектаў". Будынак, які знаходзіцца на тэрыторыі завода “Гарызонт” падзелены на 2 паверхі: на першым будзе грамадская прастора са сцэнай і барам для мерапрыемстваў і выстаў; на другім — офісы для вядучых прадстаўнікоў крэатыўнага бізнесу, а таксама некалькі лекцыйных зал.

Аляксандр прызнаецца, што ёсць і яшчэ адна прычына адмовы ад “Корпуса 8”. Ад пачатку супрацоўніцтва з Вадзімам Жуком уздымалася пытанне юрыдычных паўнамоцтваў каманды BOpromo.

“Былі апісаныя канкрэтныя ролі для кожнага, і іх Вадзім Жук прыняў, — працягвае Аляксандр Багданаў. — Але цягам чатырох месяцаў ён адцягваў момант падпісання нейкіх дамоўленасцяў. Спачатку ён думаў пусціць нас у сузаснавальнікі і штодзень вылічваў, колькі гэта грошай трэба. А людзі гарэлі ідэяй рабіць усё роўна трэба, таму чакалі і рабілі. Але ў пэўны момант стала зразумела, што чалавек проста цягне час. Ён ужо не хацеў нас пускаць у сузаснавальнікі, а шукаў варыянты дамовы пра субарэнду. Потым адцягваў, бо трэба рыхтавацца да мерапрыемства і гэтак далей”.

У выніку, пасля пробнага мерапрыемства на “Гадзіну Зямлі”, дзе выступіў гурт “Кассиопея”, Вадзім адкрыта сказаў, што BOpromo па-за канцэпцыяй “Корпуса 8” і далейшае супрацоўніцтва магчымае толькі па разавай дамове на мерапрыемствы.

“У Вадзіма аргумент існуе толькі адзін, што, вельмі засмучаныя і раззлаваныя чатырма месяцамі чакання і неразумення, людзі ў пэўны момант пачалі вельмі груба з ім размаўляць”.

Аляксандр Багданаў

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі