Кандыдатку ад БХД Галіну Каржанеўскую знялі з выбараў

13/02/2018 - 12:56

Выбаркам Фрунзенскага раёна Мінска 13 лютага зняў з выбараў кандыдатку ў дэпутаты Мінгарсавета па Матусевіцкай выбарчай акрузе №33 Галіну Каржанеўскую. Пра гэта паведамляе аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", у які ўваходзіць Каржанеўская. 

Афіцыйнай прычынай стала вынесенае ёй другое папярэджанне. Яго вынеслі за тое, што на яе пікеце распаўсюджвалася газета “Народная Воля”. У нумары сярод іншага быў надрукаваны і матэрыял пра Каржанеўскую. Як удакладняе агенцтва "Мінск-навіны", газета не была набытая за сродкі выбарчага фонду, таму ў выбаркаме прызналі такую раздачу парушэннем. 

Першае папярэджанне Каржанеўскай вынеслі за яе плакаты, на якіх не было выпускных звестак. У БХД кажуць, што рашэнне аб зняцці з выбараў будзе абскарджвацца ў Мінскай гарадской камісіі.

Яшчэ адно вуснае папярэджанне Фрунзенскі выбаркам вынес Мікіту Семяненку. 9 лютага ён падаў дакументы ў Мінгарвыканкам, што збіраецца праводзіць выбарчы пікет. Дакументы былі пададзеныя ў адпавесці з законам — за два дні да пікета. Аднак чыноўнікі спаслаліся на тое, што 10 і 11 лютага выходныя, таму дакументы Семяненкі зарэгістравалі толькі 12 лютага.

Аднак выходныя не перашкодзілі чыноўнікам прыйсці 11 лютага на пікет Семяненкі на вуліцы Прытыцкага і высветліць, што ў кандыдата няма дазволу ад Мінгарвыканкама. Гэта і стала нагодай для вуснага папярэджання кандыдату. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі