Да адказнасці прыцягнулі 90 чалавек / LookByMedia
Камітэт дзяржаўнага кантролю ў лістападзе–снежні 2025 года правёў праверкі 54 сярэдніх школ Беларусі па пытаннях арганізацыі харчавання і ва ўсіх выявіў парушэнні. Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка старшыні Камітэта Андрэя Лабовіча, які апынуўся ў распараджэнні арганізацыі BELPOL.
Так, у 50 школах парушалася санітарна-эпідэміялагічнае заканадаўства. У 27 школах была парушаная тэхналогія прыгатавання страў, выяўлены недакладкі сыравіны і недавесы.
У 25 школах не выконваліся натуральныя нормы харчавання і не выконвалася прыкладнае двухтыднёвае меню.
У 23 установах зафіксавана значная колькасць страў, якія былі спісаныя ў адходы.
У васьмі школах дапускалася рэалізацыя тавараў з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці.
У чатырох установах адукацыі ўстаноўлены факты прыхоўвання прадуктаў.
Па выніках праверкі Камітэт дзяржаўнага кантролю прыцягнуў да дысцыплінарнай адказнасці 90 чалавек. Траіх звольнілі.
Азнаёміўшыся са справаздачай Камітэта дзяржаўнага кантролю, Наталля Пяткевіч у лісце да чыноўнікаў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама выказала заклапочанасць тым, што "паўтор парушэнняў і іх частата сведчаць пра тое, што парадак у арганізацыі школьнага харчавання так і не навялі. Правадзімыя мерапрыемствы не даюць патрэбнага выніку, а дзейсныя меры кантролю да гэтага часу не прапанаваныя. Патрабаванні Кіраўніка дзяржавы не выконваюцца".
Пяткевіч таксама адзначае, што "меры па прадухіленні падобных фактаў не выпрацаваныя, у тым ліку прапановы па нарматыўным замацаванні палажэнняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці кантролю за арганізацыяй школьнага харчавання".
Яна просіць "да 1 лютага 2026 года сумесна прапрацаваць і прадставіць комплекс мерапрыемстваў па радыкальным выпраўленні сітуацыі ў разглядаемай сферы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут