Ізраіль заклікаў жыхароў поўначы сектара Газа выехаць на поўдзень анклава

13/10/2023 - 06:13

Сектар Газа / Getty/AFP

Ізраіль заклікаў жыхароў поўначы сектара Газа выехаць на поўдзень анклава "для забеспячэння сваёй бяспекі". У ААН заявілі, што на гэта яны атрымалі 24 гадзіны. У гэтым раёне знаходзіцца горад Газа, агулам там жыве больш за мільён чалавек.

ААН "рашуча заклікае адмяніць любы падобны загад, калі ён будзе пацверджаны, каб пазбегнуць ператварэння і без таго трагічнай сітуацыі ў катастрафічную". Ізраіль афіцыйна пацвердзіў гэты загад. Армія абароны Ізраіля заявіла, што заклікала ўсіх жыхароў горада Газа эвакуявацца са сваіх дамоў і накіравацца на поўдзень.

У ААН лічаць немагчымым, "каб такое перамяшчэнне адбывалася без разбуральных гуманітарных наступстваў". "Рэакцыя ААН на ранняе папярэджанне Ізраіля жыхарам Газы ганебная! заявіў пастаянны прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан. — На працягу многіх гадоў ААН заплюшчвала вочы на ўзбраенне ХАМАС і выкарыстанне грамадзянскага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры сектара Газа ў якасці сховішча для зброі і забойстваў. Цяпер, замест таго каб стаць на бок Ізраіля, чые грамадзяне былі забітыя тэрарыстамі ХАМАС, і які імкнецца мінімізаваць шкоду для тых, хто ў гэтым не ўдзельнічае, яна чытае пропаведзі Ізраілю".

Мяркуецца, што пасля авіяўдараў па аб'ектах ХАМАС у сектары Газа Армія абароны Ізраіля рыхтуецца ў бліжэйшы час пачаць наземны наступ. Артылерыя, танкі і вайскоўцы ўжо знаходзяцца на пазіцыях.

ХАМАС заклікаў жыхароў Газы не пакідаць свае дамы. Па даных ААН, іх пакінулі ўжо 423 тысячы чалавек.

t.me/yigal_levin/
t.me/yigal_levin/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі