Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Лаўрэат Букераўскай прэміі пісьменнік Салман Рушдзі на гэтым тыдні атрымаў сур'ёзныя раненні. Яго атакавалі проста перад лекцыяй. Пісьменнік цудам выжыў, правёў некаторы час пад ШВЛ, а як толькі сам змог дыхаць і гаварыць — пачаў жартаваць.
Калі ўжо Рушдзі пасля ўсяго гэтага жартуе, то і мы можам дазволіць сабе расказваць вам не толькі сур'ёзныя, але і пацешныя навіны з усяго свету. Але пачнём з сур'ёзных.
Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.
На гэтым тыдні пісьменніка, лаўрэата Букераўскай прэміі па літаратуры брытанца індыйскага паходжання Салмана Рушдзі сур'ёзна паранілі, піша ВВС. Рушдзі рыхтаваўся выступаць з лекцыяй у невялікім мястэчку недалёка ад Нью-Ёрка, калі на сцэну выскачыў малады мужчына і ўдарыў пісьменніка нажом у шыю і ў жывот.
Неўзабаве 24-гадовага нападніка дапытаюць, і ён здзівіцца, даведаўшыся, што Рушдзі выжыў. Сваёй віны ён не прызнае, а яго ўласная маці скажа:
— Мне няма чаго яму сказаць.
ФБР усё яшчэ не можа назваць дакладных матываў маладога чалавека. New York Post толькі цытуе яго папрок на адрас пісьменніка, маўляў, той "атакаваў іслам".
У Рушдзі і ісламу папраўдзе склаліся, мякка кажучы, няпростыя адносіны. Пасля выхаду адной з яго кніг іранскі аятала выдаў загад, які Рудшы да смерці, — гэта было яшчэ ў канцы 80-х гадоў XX стагоддзя.
Гэты загад — фетву — пазней адмянілі. Дый нападнік на Рушдзі ў ЗША адкрыта не кажа, што менавіта старая фетва прымусіла яго кінуцца на Рушдзі з нажом. Пытанне ў іншым: а ці чытаў гэты чалавек тую самую кнігу? У ФБР мужчына сказаў, што прачытаў толькі дзве старонкі.
Сярод мноства высноў, якім нас вучыць гэтая гісторыя: дачытвайце тэксты да канца. А калі пасля чытання рука ўсё яшчэ цягнецца да нажа — загарніце кнігу або ўкладку ў браўзеры і тэрмінова пераключайцеся на чытанне міжнародных аглядаў ад Еўрарадыё. У нас заўсёды ёсць для вас добрыя навіны.
Трыццацігадовыя Патрык і Ханна запланавалі прыгожае вяселле на востраве ў цэнтры бостанскай гавані, расказвае часопіс "Правила жизни". Але не змаглі прадугледзець, што паром, на якім жаніх павінен быў прыплысці да нявесты, зламаецца.
Дыспазіцыя такая: жаніх, яго сябры, фатограф, дыджэй і кветкі — на мацерыку. Нявеста — на востраве. Арганізатар вяселля не губляецца і тэлефануе ў паліцыю. Афіцэр Джо Мэт'юз заскоквае на службовы катар і імчыць на дапамогу жаніху. Колькі рэйсаў давялося здзейсніць паліцэйскаму, не ўдакладняецца, але ўрачыстасць аб'яўлена праведзенай.
Калі вашы паліцэйскія не падобныя да гэтага, нават не думайце іх да нас адпраўляць.
ЗША і Тайвань — майстры саспенсу. Не паспела чалавецтва выдыхнуць, гледзячы на самалёт Нэнсі Пэлосі, які вылятаў з вострава, як у Вашынгтона і Тайбэя нарадзілася новая ідэя. Ужо трывожна?
Такім чынам, ЗША і Тайвань пачынаюць перамовы пра новае інвестыцыйнае пагадненне. Абмяркоўваць будуць, як спрасціць гандаль, піша CNN.
Чаму гандаль з Тайванем раптам стаў такой актуальнай тэмай? Таму што рэакцыя Кітая на візіт Пэлосі не абмежавалася паказальнымі вайсковымі вучэннямі на мяжы. Кітай увёў яшчэ і свайго роду эканамічныя санкцыі супраць Тайваня. А паколькі Пекін — галоўны гандлёвы партнёр вострава, то наступствы гэтых санкцый могуць быць даволі сур'ёзныя.
І рэч не толькі ў тым, што пасля візіту Пэлосі КНР прыпыніла імпарт некаторай садавіны і рыбы з Тайваня. Што горш — Пекін прыпыніў экспарт прыроднага пяску на Тайвань.
Здавалася б, невялікая страта — нейкі пясок. Але пясок — ключавы кампанент у вытворчасці паўправадніковых мікрасхем, якія вырабляюць на Тайвані. А гэтыя мікрасхемы — жыццёва важны элемент практычна для ўсёй сучаснай электронікі.
І вось ЗША спяшаюцца на дапамогу. Новыя перамовы падвышаюць шанцы Тайваня далучыцца да міжнародных гандлёвых арганізацый. Што пра гэта думаюць у Пекіне, даведаемся ў наступных серыях.
Японцы заклікаюць моладзь больш піць, каб падтрымаць эканоміку. Не перачытвайце — вы ўсё зразумелі правільна, і гаворка не пра смузі, а пра саке піша ВВС.
Маладыя японцы п'юць рысавую гарэлку нашмат менш, чым іх бацькі. І казна пусцее. Вось нацыянальнае падатковае агенцтва і запусціла агульнанацыянальнае спаборніцтва, каб найлепшыя піяршчыкі краіны прыдумалі рэкламную кампанію для алкаголю.
Рэклама павінны заахвоціць маладых японцаў піць гэтаксама адчайна, як іх бацькі. Такую ініцыятыўнасць падаткавікоў у краіне ўспрынялі, мякка кажучы, неадназначна.
Але Усход — рэч тонкая і, як мы высветлілі, цвярозая, а піяр — рэч даволі беспрынцыповая. Так што шмат хто ўключыўся ў бітву піяр-праектаў алкаголю.
А вось хто ўмее весяліцца, дык гэта фінская прэм'ер-міністр Сана Марын. Пасля таго як відэа з адной з вечарынак трапіла ў сеціва, апазіцыйныя партыі запатрабавалі ад яе прайсці тэст на наркотыкі, піша ВВС.
На кадрах, якія трапілі ў сеціва, яна танчыць і спявае з сябрамі, сярод якіх ёсць і фінскія селебрыці. Сама спадарыня прэм'ер-міністр адмаўляе, што ўжывала наркотыкі — кажа, што проста піла алкаголь і, так, любіць шумныя вечарыны. Гэтую любоў асабліва і не схаваеш: прэм'ера часта фатаграфуюць на музычных фестывалях.
Палітыкі іншых апазіцыйных партый крытыкуюць не толькі Марын за любоў да вечарын, але і СМІ, якія больш гавораць пра скандалы, чым пра ўнутраныя праблемы краіны.
"У мяне ёсць сямейнае жыццё, у мяне ёсць праца, і ў мяне ёсць вольны час, які я праводжу з сябрамі. Амаль гэтаксама, як і ў многіх людзей майго ўзросту", — сказала прэм'ер-міністр.
А Сане Марын, нагадаем, усяго 36 гадоў. Яна нарадзілася ў бедным раёне Хельсінкі, яе бацька моцна піў, яна расла з маці і яшчэ ў школе пачала працаваць — спачатку ў пякарні, а потым касіркай у краме. І магчыма, таму — а не праз любоў да вечарын — журналісты часам называюць яе "самым крутым прэм'ер-міністрам у свеце".
Дарэчы, гэта адна з тых навін, якія лепш дачытваць да канца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут