Ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута: Лукашэнка зноў "запускае заводы"

08/08/2022 - 09:03
Аляксандр Лукашэнка на прадпрыемстве ў Мёрах / БЕЛТА​

Аляксандр Лукашэнка нарэшце прыехаў на Мёрскі металапракатны завод, дзе яго чакалі яшчэ год таму. Але мінулым летам замест высокага візіту адбыліся затрыманні. Пад варту ўзялі гендырэктара, бухгалтара і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў.

Прыехаўшы на прадпрыемства, Лукашэнка даручыў тэрмінова знайсці дырэктара. "Каб цягам тыдня тут быў завод з дырэктарам. Ніякага банкруцтва, ніякага антыкрызіснага кіраўніка. Будзе дырэктар — ён будзе займацца крызісам. Трэба спыніць усю гэтую балбатню",цытуе Лукашэнку БЕЛТА.  

Па яго словах, "ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута". Завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2020 года. Ён ужо даўно павінен быў выйсці на праектную магутнасць. Але ўсе планы былі праваленыя. І цяпер урад разлічвае, што завод паўнавартасна запрацуе ў 2024 годзе. Пры тым, што на сайце прадпрыемства гаворыцца, што "завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Мёрах — адзіны ў сваім родзе вытворца" ў Рэспубліцы Беларусь, а найбліжэйшае аналагічнае прадпрыемства ёсць у Славакіі. Меркавалася, што завод будзе арыентаваны на еўрапейскі рынак харчовай белай бляхі.

Лукашэнка паабяцаў прысвоіць Героя Беларусі за аднаўленне працы Мёрскага завода, а таксама заявіў, што ўсе даўгі, якія назапасіла прадпрыемства, дзяржава бярэ на сябе. Пры гэтым ён заклікаў рабочых больш актыўна працаваць, шукаць варыянты рынкаў збыту, сыравіны. Асабліва з улікам санкцый.

Нагадаем, абяцанне "запусціць заводы" было адным з ключавых у перадвыбарных выступах Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 1994 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі