І нават ахоўныя маскі: на чым робіць грошы ўплывовы мінскі бізнес-клан

24/08/2021 - 11:48
"Патрыярх" сям'і Садоўскіх Анатоль са сваёй дачкой Наталляй, кіраўніцай Асацыяцыі рэстаратараў

Напэўна вы чулі пра такія мінскія ўстановы, як News Cafe (апеты пісьменнікам Сашам Філіпенкам у рамане "Былы сын"), Grand Cafe у памяшканні вядомага яшчэ з савецкіх часоў рэстарана "Патсдам" і самы дарагі (у плане стварэння) фудкорт Мінска — FABRIQ. Што іх аб'ядноўвае? Яны — частка холдынга Golden Project пад кіраўніцтвам рэстаратараў Сяргея Пушнога і Ігара Садоўскага.

Садоўскія — сям'я, добра вядомая ў беларускім бізнесе. Яе кіраўнік Анатоль Садоўскі — бацька згаданага вышэй рэстаратара — не толькі вядзе справы ў грамадскім харчаванні, але і шчыльна звязаны з лёгкай прамысловасцю. Бізнесмен кантралюе частку акцый "Цэнтра Моды" і ўваходзіць у яго назіральны савет. Таксама ён дырэктар кампаніі "БЦ Тайм", якой належыць бізнес-цэнтр на Талбухіна.

Цяпер патрыярх трымаецца ў цені. Публічная фігура — яго дачка Наталля, якая ў 2020 годзе змяніла Вадзіма Пракоп'ева на чале Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі.

У тым жа годзе Наталля Садоўская паспела выйсці замуж за Анатоля Ярмоленку-малодшага (унука вядомага артыста, які напісаў неяк да выбараў песню з недвухсэнсоўнай назвай "Слухай бацьку") і пабываць на "таемнай" інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Маштабы ўражваюць: рэстаранны бізнес, нерухомасць, легпрам... Еўрарадыё вырашыла вывучыць, на чым робіць грошы гэтая ўплывовая беларуская сям'я.

Ад Espresso да Grand

У Мінску Садоўскім — праз сетку юрыдычных асоб, цалкам або часткова — належыць з дзясятак устаноў. Выглядае ўсё гэта прыкладна так: ёсць парасонавая, галоўная арганізацыя ТАА "Сталічная рэстарацыя", якой валодаюць жонка Анатоля Садоўскага Людміла і іх сын Ігар.

У сваю чаргу, яна валодае доляй у іншых кампаніях, якім належаць:

■ фэнсі-фудкорт FABRIQ, 

■ кавярні News Cafe, Grand Cafe і Espresso bar,

■ караоке-бар "Анёлы", 

■ паназіяцкія ўстановы Gan Bei, 

■ кавярні Golden coffee.

Сярод былых і цяперашніх уласнікаў устаноў, звязаных з Golden Project, ёсць і замежныя фірмы і грамадзяне. Так, у кампаніі "ОГК Сталіца", якая валодае News Cafe і Grand Cafe, 10% долі належаць літоўскаму закрытаму акцыянернаму таварыству Asmela, якое займаецца дызайнам і дэкараваннем інтэр'ераў. Дырэктарка кампаніі — беларуска Аліна Паплаўская. Уласнікі невядомыя.

Мацней за ўсё ў сетку ўстаноў Golden Project інтэграваная латвійская кампанія Apart Invest: яна мае долі ў чатырох праектах, сярод якіх два Gan Bei, FABRIQ і закрытая кавярня Golden coffee на Прывакзальнай плошчы. Валодае і кіруе кампаніяй латвіец Anatolijs Kocjurbenko, які быў звязаны з латвійскай часткай сеткі Golden coffee.

Пасля выбараў

У сярэдзіне жніўня 2020 года з усіх праектаў Садоўскіх выйшаў бізнесмен і рэстаратар Іван Малько, які валодае такімі ўстановамі, як Cafe de Paris, Milano, Michel, Paul і іншыя. Таксама ён — саўладальнік дастаўкі Delivio. Прычыны рашэння ў публічным полі не агучваліся.

Малько — не адзіны чалавек, які разарваў даўнія бізнес-сувязі з Садоўскімі пасля жніўня 2020 года. Бізнесмен Максім Харошын неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў абвясціў, што ўсе адносіны з Садоўскай разарваныя "па этычных зразумелых усім меркаваннях".

Неўзабаве пасля гэтага, у кастрычніку 2020 года, Харошына затрымалі сілавікі. Ён быў жорстка збіты: кадры, на якіх лекары хуткай дапамогі выводзяць Харошына, які рыдае, з аддзялення міліцыі, абляцелі свет.

Бізнесмен быў вымушаны выехаць у Літву. Цяпер ён адзін з тых, хто звярнуўся ў літоўскую паліцыю з заявай аб расследаванні ва ўніверсальнай юрысдыкцыі фактаў гвалту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

А Харошын жа — не чужы чалавек для Садоўскіх. Ён дзевяць гадоў прапрацаваў у News Cafe, прайшоў шлях ад афіцыянта да "кіраўніка па развівальным навучанні".

У 2016 годзе Мікалай Сяроў, Наталля Садоўская і Максім Харошын стварылі кампанію Grand Project для кіравання клубам Blondes & Brunettes, Grand Cafe, службай кейтэрынгу і новымі ўстановамі. Яны ж былі ў складзе "антыкрызіснай каманды", якая ўзяла на сябе кіраванне "Бландзінкамі і Брунеткамі" пасля адхілення рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева.

Наталля Садоўская на "таемнай інаўгурацыі" Лукашэнкі / АНТ

Дачка за бацьку

Наталля Садоўская цяпер узначальвае асацыяцыю рэстаратараў Беларусі. Гэтую арганізацыю ў канцы красавіка 2020 года стварыў свавольны Вадзім Пракоп'еў. У тыя месяцы выручка ўстаноў праз каранавірус упала на 80-90%. Пракоп'еў прапанаваў рэстаратарам аб'яднацца.

Ужо ў ліпені 2020 года Вадзім Пракоп'еў пасля серыі дзёрзкіх відэа пра Аляксандра Лукашэнку пакінуў Беларусь. Як і ў выпадку з Blondes & Brunettes, стырно ўлады ў "Арэста" перайшлі да дачкі Анатоля Садоўскага. Пракоп'еў растлумачыў прызначэнне тым, што Наталля больш адпавядае моманту і лепш дапаможа агульнай справе.

"Я абяцаў першыя тры месяцы быць добраахвотным, бясплатным старшынёй і сваю працу сумленна зрабіў. Наталля выдатна падышла як кандыдатура, — казаў на той момант ужо экс-кіраўнік "Арэста". — Па-першае, яна разумее нашы болі, таму што сама рэстаратарка. Па-другое, пажадана, каб Асацыяцыяй кіравала публічная асоба. І яшчэ лепш, калі гэта будзе твар з вокладкі Vogue. У гэтым ёсць трошкі soft рower. Чалавек павінен быць дасведчаны ў нашым адміністрацыйным асяроддзі, увайсці ўжо з карыснымі сувязямі. У Наталлі такіх сувязяў крыху больш, таму спадзяёмся, што справа пойдзе яшчэ лягчэй".

Наталля скончыла БДЭУ ў 2010 годзе па спецыяльнасці "Бізнес-адміністраванне" і з тых часоў працуе ў сямейным рэстаранным бізнесе. Пачынала свой працоўны шлях бухгалтарам у кампаніі бацькі.

Цяпер у прэсе яе прадстаўляюць як аперацыйную дырэктарку FABRIQ у "Доме Моды" на Нямізе. Па паперах яна кіраўніца кампаніі "Подыум стар", якой належыць FABRIQ.

А вось кіраўніцай Grand Cafe і News Cafe Наталлю Садоўскую ў прэсе называюць памылкова. Па дакументах кампаніяй "ОГК Сталіца", якой належаць гэтыя дзве кавярні, цяпер кіруе Анжэла Бандаровіч.

Анатоль і Наталля Садоўскія

І "Тайм", і "Час"

Акрамя грамадскага харчавання, пад кіраўніцтвам Садоўскіх знаходзіцца бізнес-цэнтр "Тайм" на мінскай вуліцы Талбухіна. Немалая частка афіляваных з сям'ёй кампаній зарэгістраваныя менавіта там. Мажарытарны ўладальнік бізнес-цэнтра — латвійская кампанія Stolica з доляй 99,9%, яшчэ 0,1% належыць кампаніі Садоўскіх "Сталічная рэстарацыя". Канчатковы бенефіцыяр — афшор на Сейшэльскіх астравах SMART ENTERPRISE LTD. Дырэктарам "БЦ Тайм" значыцца Анатоль Садоўскі.

Таксама Садоўскія звязаныя з ЗАТ "Інвастрой", які займаецца камерцыйнай забудовай і здачай плошчаў у арэнду. З 1996 да 2007 года брат Анатоля Садоўскага — Васіль — быў кіраўніком кампаніі, а цяпер займае пасаду камерцыйнага дырэктара.

"Інвастрой" валодае доляй у кампаніі "Фудстайл", якая ўваходзіць у холдынг Golden Project, і памяшканнем на Прывакзальнай плошчы ў Мінску, у якім размяшчаецца кавярня Golden coffee. У 2012 годзе адтуль была выселена крама "Хлеб", на месцы якой і адкрылася кавярня.

У партфель нерухомасці кампаніі "Інвастрой" уваходзіць і БЦ "Час" на вуліцы Магілёўскай у Мінску. А таксама іншыя памяшканні на вуліцах Свярдлова, Брылеўскай, Чкалава.

Не падмажаш — не паедзеш

У 2019 годзе кампаніі "Інвастрой" і "Фудстайл" фігуравалі ў судовым разборы па справе былога намесніка старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага. Яго абвінавачвалі ў карупцыі. Адзін з эпізодаў — атрыманне хабару на суму 2,5 тысячы долараў за ўзгадненне работы летняй кавярні ў раёне "брамы Мінска". Таго самага Golden coffee на Прывакзальнай плошчы, які належаў сям'і Садоўскіх.

Ключавым сведкам па справе выступаў брат Анатоля — Васіль Садоўскі, камерцыйны дырэктар ЗАТ "Інвастрой". Менавіта ён адказваў за ўзгадненне дакументаў для кавярні.

5 ліпеня 2019 года Дамарацкага прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пазней прысуд быў скарочаны да 7 гадоў. Чыноўнік да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, а яго маці настойвае, што справа супраць яго была сфабрыкаваная.

Дырэктарка "Фудстайл" з моманту заснавання кампаніі і дагэтуль — дачка Васіля Алена Садоўская. Яна таксама выступала ў судзе па справе Дамарацкага.

Пытанні пракурора і адваката яе прыкметна раздражнялі. Амаль заўсёды яна адказвала: "Не памятаю", "Не ведаю", "Што мне казалі, тое я і рабіла", "Я толькі падпісвала дакументы, карыстаючыся логікай" і рабіла "тое, што мне казалі мае заснавальнікі".

Муж Алены — Антон Юспа, у 2021 годзе ён стаў старшынёй "Беларускага альянсу танцавальнага спорту".

Скандал у "Цэнтры Моды"

"Цэнтр Моды" — будынак у самым сэрцы Мінска, на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Няміга. Памяшканні ў ім у асноўным здаюцца ў арэнду. Адзін з асноўных арандатараў — кампанія "Подыум стар", якой валодае і кіруе сям'я Садоўскіх. Менавіта ёй належыць размешчаны тут жа фэнсі-фудкорт FABRIQ.

Кампанія арандавала памяшканні па льготнай стаўцы, якая канчалася ў сакавіку 2019 года. Анатоль Садоўскі прыйшоў да дырэктара "Цэнтра Моды" Ігара Сяліцкага з прапановай падоўжыць яе яшчэ на 7-8 месяцаў для завяршэння рэканструкцыі рэстарана і яго ўводу ў эксплуатацыю.

Сяліцкі быў катэгарычна супраць. На гэта Садоўскі (які быў сябрам і сакратаром назіральнага савета "Цэнтра Моды") сказаў, што калі льготнай стаўкі не будзе, то і з падаўжэннем працоўнага кантракта ў дырэктара будуць праблемы. І наогул ён "асноўны акцыянер, і яму вырашаць, калі плаціць "Цэнтру Моды" і ці плаціць наогул" (так Сяліцкі ў студзені 2020 года пераказваў тую размову "Спутнику").

Дырэктар "Цэнтра Моды" настойваў: калі да 20 снежня не будзе грошай, то ён заявіць пазоў аб спагнанні пені і штрафу за пратэрміноўку плацяжоў. 16 снежня, за некалькі дзён да выстаўленага дэдлайну па аплаце, яго звольнілі. Афіцыйна гэта было рашэннем назіральнага савета.

І нават ахоўныя маскі

У пачатку траўня 2020 года "Беллегпрам" заявіў, што плануе пачаць экспартаваць ахоўныя маскі ў Еўрапейскі саюз. Дэфіцыт масак тады адчуваўся па ўсім свеце — але не ў Беларусі, улады якой гулялі ў гульню "Калі не бачыш віруса — яго няма". Самі ж маскі Лукашэнка дагэтуль называе наморднікамі.

Дамоўленасці пра пастаўкі за мяжу былі дасягнутыя Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднаннем і "Цэнтрам Моды". Абодва прадпрыемствы ўваходзяць у склад канцэрна "Беллегпрам".

І калі БВБА цалкам кантралюецца дзяржавай, то акцыянерамі "Цэнтра Моды" ёсць яшчэ і тры прыватныя кампаніі ("Марупэ", "Сталічная рэстарацыя" і "Аваланш"), кантраляваныя Анатолем Садоўскім. Які, нагадаем, уваходзіць у назіральную раду "Цэнтра Моды".

За 2020 год "Беллегпрам" вырабіў 855,8 тысячы ахоўных масак коштам больш за 1,6 млн рублёў. Амаль усе яны былі прададзеныя ў Германію.

Адна з асноўных прэтэнзій у справе Бабарыкі была ў вывадзе сродкаў у балтыйскія кампаніі. У структуры бізнесаў сям'і Садоўскіх сустракаюцца Літва, Латвія, афшор на Сейшэльскіх астравах. Раней долямі ў прадстаўленых фірмах валодалі таксама афшоры з Кіпра і з іншых краін. І — ніякіх прэтэнзій.

Бізнесмены з сям'і Садоўскіх не трапілі пад міжнародныя санкцыі. Наўрад ці сувязі з уладамі ў сферы лёгкай прамысловасці будуць мець нейкія наступствы. Але важна ведаць, як такія "кланы" вядуць свой бізнес, як яны звязаныя адзін з адным і з дзейнай уладай.
 

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі