Хто прыязджае ў мінскія двары і зафарбоўвае БЧБ-сімволіку?

13/10/2020 - 14:14
Так выглядала агароджа пасля прыезду "мастакоў" / "Тэлеграм"

На мінулым тыдні ў мінскі мікрараён "Каскад" на барацьбу з БЧБ-сімволікай у суправаджэнні сілавікоў прыехала каля 15 чалавек з балончыкамі з фарбай. Спецаперацыя заключалася ў тым, каб дамаляваць зялёныя палосы і надпісы "За Беларусь" на бел-чырвона-белай агароджы.

Хто і навошта гэтым займаецца? Пагаварылі з адным з "мастакоў".

"Яны не вартыя таго, каб мы з імі знаёміліся"

Дзямід Гарбацэвіч — адзіны з брыгады "маляроў", хто не хаваў свайго твару за маскай і ішоў на кантакт з жыхарамі раёна — часцей абражаў, здымаў іх на тэлефон і палохаў затрыманнямі.

Дзямід Гарбацэвіч / "Інстаграм"

Дзяміду 36 гадоў, ён працуе ў IT-сферы, хоць прызнаецца, што "быць супрацоўнікам АМАПа, сілавых структур было б гонарам". Адкрыта падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, удзельнічае ў мітынгах і аўтапрабегах "за мір, бяспеку і спакой". А яшчэ не верыць у факты фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах і празмерны гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў. Праўда, на глебе палітычных рознагалоссяў у Дзяміда ўжо ўзнікаюць канфлікты са знаёмымі і сябрамі.

— Дзямід, як можна назваць групу людзей, якая змагаецца з БЧБ-сімволікай? Чаму вы ніяк не прадстаўляецеся жыхарам? — пытаемся.

— У нас добраахвотная ініцыятыва людзей-аднадумцаў, якія рупяцца пра сваю радзіму, пра захаванне міру і стабільнасці, — адказвае Дзямід. — Мы розных прафесій, сацыяльнага статусу, няма нейкай супольнасці інтарэсаў. Ёсць удзельнікі з сілавых структур, але не заўсёды яны з намі.

Прадстаўляцца нікому мы не абавязаныя. Тым больш у адэкватнасці гэтых жыхароў можна ўсумніцца. Яны часта хочуць пазнаёміцца, але я думаю, яны не вартыя гэтага.

"Свастыка — гэта работа не нашай каманды"

Бетонная агароджа ў "Каскадзе" часта змяняла сваё аблічча. Яе перафарбоўвалі з бел-чырвона-белай у шэрую і чырвона-зялёную, на агароджы дамалёўвалі свастыку і пісалі абразы ў адрас мясцовых жыхароў.

Натуральна, чарговаму прыезду "мастакоў", а тым больш у суправаджэнні атрада невядомых у балаклавах са зброяй, жыхары не былі рады. Калі мясцовыя паспрабавалі пагаварыць з гасцямі і засняць іх дзеянні на камеру — дваіх "каскадаўцаў" затрымалі. Пасля гэтага раззлаваныя жыхары раёна пачалі закідваць сілавікоў яйкамі з вокнаў.

ЖК "Каскад" / "Тэлеграм"

— Навошта вы прыязджаеце маляваць чырвона-зялёныя сцягі ў суправаджэнні сілавікоў і хаваеце твары за маскамі? — задаём такое пытанне Дзяміду.

— Мы разумелі, што трэба гарантаваць бяспеку, і не памыліліся. Адзін чалавек, яшчэ не ведаючы, што з намі сілавікі, спрабаваў на нас напасці. Але ён паслізнуўся і ні ў кога не трапіў нагой. Давялося затрымліваць.

Калі мы хадзілі зафарбоўваць слупы [з чырвонай палоскай] унутры двара, людзі пачалі кідаць з вокнаў прадметы. Кідалі яйкі ў нас, а таксама ў сілавікоў, хоць у іх нельга — яны ж прадстаўнікі ўлады. 

Пры гэтым відавочцы таго, што адбывалася, расказваюць, што ніякіх спроб нападу на "маляроў" не было. Дваіх хлопцаў затрымалі пасля таго, як яны паспрабавалі зняць тое, што адбывалася, на тэлефон. На Анатолія і Дзяніса склалі пратаколы за "дробнае хуліганства". Мужчын пратрымалі ў ІЧУ на Акрэсціна 72 гадзіны, але пасля гэтага адпусцілі. На судзе іх справы адправілі на дапрацоўку.

А што да свастыкі і абразлівых надпісаў, Дзямід запэўнівае, што "гэта работа не яго каманды". Дадае, што за дзейнасць ім ніхто не плаціць, фарбу яны купляюць за свае сродкі.

— А вам не здаецца, што гэта вандалізм у любым выпадку? Няважна ж, якім колерам зафарбоўваць агароджы і што менавіта пісаць.

— У нас ёсць перавага, таму што першапачаткова сцены былі шэрыя. Потым з'явіліся вандалы, з якімі мы пачалі змагацца такім спосабам: намалявалі афіцыйную сімволіку. Але праз некалькі дзён мы самі надумалі пайсці далей і зрабіць сцяну нейтральнай. І сваё зафарбавалі, і недзяржаўную сімволіку, і абразлівыя надпісы, — тлумачыць Дзямід Гарбацэвіч.

Праўда, мясцовыя жыхары кажуць, што вярнуць агароджы нейтральны колер — ініцыятыва зусім не брыгады мастакоў-патрыётаў. "Каскадаўцы" напісалі заяву ў міліцыю, якую прынялі на разгляд. Якраз пасля гэтага "мастакі" вярнуліся і перафарбавалі чырвона-зялёную агароджу ў шэрую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі