Хроніка беларускай мары: абяцанням зарплаты "папіццот" спаўняецца 15 гадоў

01/10/2019 - 13:01
Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Ужо паўгода сярэдні заробак у Беларусі перавышае зададзены Аляксандрам Лукашэнкам "залаты стандарт" — 500 долараў. У жніўні 2019 года ён дасягнуў 1117 рублёў 80 капеек, ці 544 долараў.

Зрэшты, гэта не значыць, што беларусы цяпер атрымліваюць па 500 долараў на рукі. Бо Белстат паведамляе толькі пра налічаную сярэднюю зарплату. А ад налічанай трэба адняць яшчэ 13% падаходнага падатку і 1% узносаў у пенсійны фонд. Гэта значыць, сярэдні заробак за жнівень на рукі склаў 961 рубель 42 капейкі (468 долараў па сярэднім курсе Нацбанка за жнівень).

Еўрарадыё вырашыла прасачыць шлях "святой лічбы" з галоў чыноўнікаў да кішэняў беларусаў.

 

2004 год. Кроў з носа

Упершыню пра сярэдні заробак у 500 долараў Аляксандр Лукашэнка загаварыў 5 кастрычніка 2004 года ў часе наведвання гарадка Глыбокае ў Віцебскай вобласці:

"Не думаю, што мы заўсёды будзем такімі беднымі, як сёння. Упэўнены, што сярэднюю зарплату ў 250 долараў мы дасягнём. А ў наступнай пяцігодцы — кроў з носа мы выйдзем на 500 долараў сярэдняй зарплаты".

Гэта быў час, калі беларуская эканоміка пачынала квітнець дзякуючы бяспошлінным пастаўкам расійскай нафты. Ужо праз 11 дзён ён зноў успомніў пра "папіццот" на нарадзе па сацыяльных пытаннях:

"За пяцігодку трэба дасягнуць мінімум 500 долараў, а мы нават меркавалі 750. Але як мінімум да 500 долараў сярэднюю зарплату мы за пяцігодку павінны давесці".

 

2005 год. Трэба арыентавацца

Запаветная сума "папіццот" зноў з'явілася 25 лютага ў размове пра планы на будучую пяцігодку:

"Павышэнне заработнай платы будзем заахвочваць, і нам трэба арыентавацца на 500 і больш долараў".

У пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 19 красавіка:

"Да 2010 года стаіць задача павялічыць ВУП у паўтара раза, сярэднюю заработную плату давесці да 500 долараў, узровень малазабяспечанасці скараціць у два разы".

Амаль ідэнтычныя цытаты сустракаліся ў прамовах Лукашэнка ў гэтым годзе яшчэ тройчы: 1 ліпеня, 20 верасня і 19 кастрычніка. Год перад выбарамі — час вялікіх абяцанняў!

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, Масква, 2006 год / Reuters

2006 год. У нас ёсць усё

На Усебеларускім народным сходзе 3 сакавіка Лукашэнка заявіў:

"Я перакананы, што праз 5 гадоў, калі мы выканаем гэтыя параметры, зможам сказаць, што кожны мае 250, а сярэдняя будзе каля 500. Калі мы выканаем параметры, якія закладзены ў праграме. А ў нас ёсць для гэтага ўсё".

 

2008 год. Баюся гаварыць

Затым была двухгадовая паўза. Зноў пра "папіццот" Лукашэнка ўспомніў 30 красавіка 2008 года:

"На канец пяцігодкі нам трэба заработную плату давесці, баюся гаварыць, да 700 долараў, нікуды не падзенемся. 500 долараў будзе мала. Трэба 700 — сярэднюю зарплату па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасць у нашым грамадстве".

Апетыты кіраўніка дзяржавы пачалі расці, і 10 чэрвеня гаворка зайшла ўжо пра 1000 долараў:

"Заработная плата, эквівалентная $500, нас ужо не задаволіць, у гэтай пяцігодцы трэба выходзіць на $700, а магчыма, і набліжацца да $1000".

 

2009 год. Святая лічба

Адносіны з Расіяй пагоршыліся, у чэрвені здарылася першая (але далёка не апошняя) "малочная вайна", і пра $1000 Лукашэнка больш не ўспамінае. Але ад намеру давесці сярэдні заробак да "папіццот" не адмаўляецца. 30 снежня кіраўнік дзяржавы заяўляе беларускім журналістам:

"Сярэдняя заработная плата на працягу года павінна дасягнуць у эквіваленце 500 долараў. Гэтая лічба святая. Яна прынята на Усебеларускім народным сходзе. Гэта паказчык пяцігодкі, і мы павінны яго выконваць".

 

2010 год. Кроў з носа 2

Праз паўгода, 27 траўня 2010-га, з носа беларускага народа зноў ідзе кроў — як у 2004-м. Лукашэнка выступае перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Магілёўскай вобласці:

"Мы кроў з носа павінны выканаць гэта наша абавязацельства перад народам да канца 2010 года і даць справаздачу перад Усебеларускім народным сходам — ​​крызісы тут у разлік не бяруцца".

Беларусь працягвае траціць крэдыт МВФ, які атрымлівае ў 2009–2010 гадах. 17 верасня — удзельнікам VI з'езда Федэрацыі прафсаюзаў:

"Мы наогул думалі, што перасягнём 500 долараў. Але нас крызіс апусціў так, што мы зараз выкараскваемся. Але нам трэба абяцанне выканаць. Не таму, што там эканоміка трымае. Не трымае. Але мы ж паабяцалі!"

Перадвыбарны год працягваецца. Расійскім журналістам 1 кастрычніка:

"Не, людзі ўсё памятаюць і спытаюць: а дзе 500 долараў? Напружваемся. Гэта ж не савецкія часы. Тут апазіцыя ўнутры, і яшчэ ў Расіі падкажуць, што ён паабяцаў і не зрабіў. Таму гэта адказнасць".

На чацвёртым Усебеларускім народным сходзе 6 снежня:

"Аднак і ў гэтых умовах мы, як і дамаўляліся, да канца 2010 года выходзім на сярэдні заробак 500 долараў ЗША ў цэлым па краіне. Да 2015 года мы павінны наблізіць памеры заработнай платы да 1000 долараў у эквіваленце".

 

2011 год. За ўсё будзеце плаціць, як на Захадзе

У снежні 2010 года сярэдні заробак у Беларусі такі дасягнуў запаветных $500 у эквіваленце. Беларусы не разгубіліся і радасна пачалі пераводзіць "лішнія" рублі ў долары. Эканоміка гэтага не вытрымала і абвалілася, за год долар падаражэў амаль у тры разы. А сярэдні заробак у пераліку на долары адпаведна знізіўся.

У лістападзе было зафіксавана мінімальнае значэнне сярэдняй зарплаты за апошнія дзесяць гадоў — 280 долараў. Пры гэтым зарплата ў рублях працягвала расці. Але за доларам не паспявала.

7 кастрычніка перад рэгіянальнымі расійскімі СМІ Аляксандр Лукашэнка апраўдваўся:

"Зарплата павінна быць такая, каб камфортна жыць і карміць сваіх дзяцей і сям'ю. Але чыста зарплата — гэта не паказчык. У вас зарплата вышэйшая, чым у Беларусі. Вось давайце мы будзем супастаўляць гэтую зарплату, па-першае, з тымі цэнамі, па якіх жывуць беларус і расіянін. Неяк я беларусам сказаў, якія кажуць, вось на Захадзе атрымліваюць за 2000 долараў, а ў нас тады было ў эквіваленце 500 долараў і гэтак далей. Я кажу: добра. Я згодны на такі ўзровень зарплаты — каля 2000, але за ўсё будзеце плаціць, як на Захадзе. Не. А колькі каштуе там адукацыя? А колькі каштуе дзіцячы садок?"

 

2012 год. Мяне абвінавачваць не трэба

У красавіку 2012-га сярэдні заробак у Беларусі складаў 406 долараў. У пасланні народу і парламенту 8 траўня Лукашэнка запатрабаваў вярнуць "папіццот":

"Я хачу, каб сярэдняя зарплата вярнулася да 500 долараў. Мы ўжо гэта мелі. Чаму мы скаціліся — вы выдатна ведаеце. Мяне вінаваціць і дзяржаву ў гэтым не трэба".

На сустрэчы з прэм'ер-міністрам Мясніковічам 24 ліпеня (за чэрвень было ўжо 452 долары):

"Трэба людзей усё ж такі падцягнуць да 500 долараў, а далей яны, маючы ўжо нейкую падушку бяспекі (усё ж такі гэта нармальная зарплата), будуць самі зарабляць грошы, і нам можна дыстанцыявацца ад таго, каб зверху нагнятаць сітуацыю з зарплатай. Але сярэдняя зарплата ў 500 долараў — гэта самы мінімум, які павінен быць у нашай краіне".

11 верасня (у жніўні было 490 долараў сярэдняга заробку):

"Я ўсюды аб гэтым казаў: зарплату атрымаюць толькі тыя, хто вырабіў тавар і прадаў, у каго прадукцыйнасць працы апярэджвае рост зарплаты. І барані вас Гасподзь, калі вы ў найбліжэйшы час не выраўнуеце гэта! Мне не патрэбныя незаробленыя $500! І хай людзі гэта чуюць! Грошы павінны быць заробленымі, калі вы не хочаце чарговага абвалу!"

21 снежня (у лістападзе было 497 долараў):

"На канец бягучага года павінен быць дасягнуты ўзровень сярэдняй зарплаты па краіне $500, што абумоўлена рэальнымі магчымасцямі эканомікі".

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна аб выдачы двух мільёнаў долараў дадатковых пазык для Беларусі, Масква, 2013 / Reuters

2013 год. Упэўнена пераадолелі

У снежні 2012 года, паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі сярэдні заробак узяў планку доўгачаканых 500 долараў. Наступныя два гады ён быў вышэйшы за "святую лічбу", дасягнуўшы ў снежні 2013-га рэкордных 621 долара. Беларусь знайшла спосаб перапрацоўваць расійскую нафту і экспартаваць пад выглядам "растваральнікаў і разбавіцеляў", схема працавала амаль два гады — адсюль і рост.

19 красавіка 2013-га падчас паслання народу і парламенту Лукашэнка задаволена заявіў:

"Сёння мы ўпэўнена пераадолелі мяжу ў 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне. Паўтараю: сярэдняй зарплаты. Справіліся з высокай інфляцыяй, супакоілі валютны рынак, забяспечылі прафіцыт бюджэту і захавалі на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы".

На прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ 11 кастрычніка:

"Адбыўся крызіс. У нас была сярэдняя зарплата 500 долараў. Пры нашых цэнах гэта фактычна тое, што ў вас. Я кажу: трэба людзям вярнуць, пасля крызісу фінансавага 2011 года трэба вярнуць гэтую зарплату. Давярталіся да таго, што зрабілі не 500, а 720 ужо".

Нагадаем, максімум, дасягнуты праз тры месяцы, — 621 долар.

 

2014 год. Неяк псіхалагічна

У час сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх СМІ 22 студзеня Лукашэнка ўспамінаў крызіс 2011 года. На той момант сярэдняя зарплата складала $556, і кіраўнік Беларусі адчуваў сябе ўпэўнена:

"Чаму мяне ўвесь час крытыкавалі тады, пасля буйнога крызісу, які мы перажылі. Мы ўпалі тады да 300, па-мойму, 350 долараў у зарплаце. Я сказаў, што не, мы людзям абяцалі. Мы павінны 500 долараў аднавіць. Вось адсюль і мой быў ціск, што мы павінны 500 долараў гэтых народу аддаць.

Чаму 500? Таму што па-рознаму, і з разлікаў, і неяк псіхалагічна, 500 долараў — гэта тая цана, гэта той прыбытак чалавека ў сярэднім, за які ў Беларусі жыць можна. Гэта калі працуеш нармальна. А калі ты яшчэ спрабуеш недзе падзарабіць, а ў нас нават у сродках масавай інфармацыі людзі гэта ўмеюць рабіць, то ты можаш і дзве заработныя платы мець. Таму казаць пра тое, што мы абваліліся з пункту гледжання дабрабыту насельніцтва, даходаў насельніцтва, — няправільна".

У штогадовым пасланні народу і парламенту 22 красавіка Лукашэнка нават заявіў, што ўжо не патрабуе пастаяннага росту сярэдняй зарплаты:

"Сёння, як я і патрабаваў, мы пераадолелі мяжу ў 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне і далейшае павышэнне дабрабыту ў нашых руках. Прытым, вы заўважылі, я ў гэтым годзе не фарсірую і ня патрабую: рост, рост зарплаты. Я абяцаў: 500 долараў мы дасягнём, цяпер яна вышэйшая. 500 — сярэдняя зарплата, да крызісу — мы гэта зрабілі".

3 траўня ў Барысаве:

"Вось гэта самае галоўнае. І не таму што, ведаеце, палохаюць: вось, Лукашэнка на гэтым ледзь не перадвыбарную кампанію праводзіць. Да выбараў яшчэ амаль два гады, мяне ўжо папракаюць. Не, я проста хачу, каб мы спакойна працавалі. Хай мы будзем 500–600 долараў атрымліваць, але мы будзем стабільна працаваць у цэхах".

У снежні 2014 года сярэдняя зарплата ў Беларусі паўтарыла рэкорд — 621 долар. Але ў раёне Новага года здарылася трёхступенчатая дэвальвацыя, і студзеньская зарплата ў доларавым эквіваленце склала ўжо 416 долараў. Зноў дасягнуць 500 долараў сярэдняга заробку ўдасца толькі ў снежні 2018 года...

 

2015 год. Мы вернемся на ўзровень

Выбарны год абышоўся без гучных абяцанняў па зарплаце. У інтэрв'ю Еўрарадыё, Радыё Свабода і TUT.by 4 жніўня:

"І тое, што вы кажаце, што, вось, я абяцаў зарплату... Так, абяцаў $500. І мы яе пераўзыходзілі значна. Зараз крыху ніжэйшая. Але я ўпэўнены, што літаральна на працягу 1-2 гадоў мы перасягнём гэту зарплату, мы вернемся на той узровень зарплат, які ў нас быў учора. Гэта я вам магу дакладна абяцаць. Нават калі будзе сітуацыя на нашых традыцыйных рынках такой, як цяпер, ці пагаршацца".

 

2016 год. Украдзіце, адкапайце, знайдзіце

21 снежня, на сустрэчы з новым кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі:

"Яшчэ раз падкрэсліваю — $500 у наступным годзе сярэдні заробак. Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала! Украдзіце, адкапайце, знайдзіце, што заўгодна — але $500 павінна быць выканана!"

 

 

2017 год. Кроў з носа 3

У час размовы з навуковымі работнікамі 26 студзеня:

"Сярэдняя зарплата $500 — гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мне далажылі, што мы ўжо ў снежні мінулага года мелі пад $417 сярэднюю зарплату па краіне. Засталося зусім няшмат, каб дасягнуць $500".

На трынаццаты год бітвы за стабільную сярэднюю зарплату "папіццот" кроў з носа пайшла трэці раз. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" 3 лютага:

"500 долараў — "кроў з носа" сёлета. Я гэта кажу не ўпершыню. Гэта не спантанна названая лічба. Больш за тое, мы гэта ўжо праходзілі. Краіна ў снежні мела 412 долараў сярэдняй заработнай платы. Засталося зусім няшмат".

У 2017 годзе на хвалі дэдаларызацыі 500 долараў ператварыліся ў 1000 рублёў. Пасланне народу і парламенту 21 красавіка:

"Ураду пастаўлена задача (усім, не толькі ўраду): забяспечыць у гэтым годзе сярэдні заробак па краіне не меншы за 1000 рублёў. Некаторыя адказныя асобы ў размовах, як я ўжо згадваў, паміж сабой называюць гэтую лічбу непад'ёмнай. Хачу перасцерагчы сяго-таго ад упадніцкіх заяў".

 

2018 год. Задача — аднавіць

2 сакавіка ў час справаздачы чыноўнікаў аб выніках працы эканомікі за 2017 год:

"Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на 1000 рублёў. У студзені зарплата упала: зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты — кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача — аднавіць 1000 рублёў, а на працягу года — перасягнуць гэты паказчык".

На сустрэчы з прэм'ер-міністрам Румасам 16 кастрычніка:

"Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата ўжо пераваліць праз 1000 рублёў за кошт таго, што мы падымем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва".

Аляксандр Лукашэнка / Прэс-служба Крамля

2019 год. Прайгралі — пяцьсот долараў

Пасля 523 долараў у снежні 2018-га ў пачатку года сярэдні заробак у Беларусі зноў упала ніжэй святой лічбы. Вярнуцца на $500+ атрымалася ў красавіку. З тых часоў налічаная сярэдняя зарплата ў Беларусі перавышае 500 долараў.

Наведваючы Ваенную акадэмію 22 лютага Аляксандр Лукашэнка пайшоў па нетрывіяльным шляху і прыгразіў пакараць беларускіх хакеістаў, якія прайгралі, заробкам у 500 долараў:

"Мы мільёны долараў растрацілі [на ХК "Дынама-Мінск". — Еўрарадыё], і дзе яны цяпер? "Беларуськалій" перастаў іх фінансаваць і правільна зрабіў — будуць банкрутамі. За што плаціць? Выйгралі — усё разлічваем, аддаём. Прайгралі — 500 долараў".

Падчас паслання народу і парламенту 19 красавіка 2019 года Лукашэнка выпраменьваў аптымізм:

"Яшчэ раз падкрэсліваю: мы дасягнулі прыкладна 500 долараў сярэднямесячнай заработнай платы. Я не стаўлю задачу, добра будзе, калі некалі ў нас будзе 1000 долараў пры тым сацыяльным кошыку, той сацыяльнай абароненасці, якая існуе ў краіне. Абсалютна нядрэнна. Але гэта ўжо задача не толькі дзяржавы і не столькі дзяржавы, колькі самога чалавека, працоўных калектываў, прадпрыемстваў, дзе яны працуюць. Мы павінны стварыць людзям мінімальна нармальныя ўмовы для жыцця, а гэта перш за ўсё гэтыя няшчасныя 500 долараў".

Хроніка беларускай мары працягваецца.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі