Хакеры з Беларусі і Украіны вынайшлі просты і геніяльны спосаб красці грошы

15/04/2021 - 10:12
Ахвярамі ашуканцаў сталі некалькі сотняў чалавек, якія страцілі 1,5 млн злотых (394 тысяч долараў)

Паліцыя польскага горада Катавіцы затрымала 19 хакераў з Украіны і Беларусі. Ахвярамі ашуканцаў сталі некалькі сотняў чалавек, якія страцілі 1,5 млн злотых (394 тысяч долараў). "Яны ўдзельнікі арганізаванай злачыннай групы, якая спецыялізуецца на ўзломе банкаўскіх рахункаў і крадзяжы сабраных там сродкаў", расказвае прэс-сакратар паліцыі Катавіцаў Аляксандр Навара.

Па версіі следства, затрыманыя мужчыны са снежня 2020 па красавік 2021 года адправілі 280 тысяч смс з нявінным зместам: "Ваша пасылка была затрыманая праз недаплату ў памеры 0,50 злотага. Выбачайце за нязручнасці. Калі ласка, аплаціце". Да паведамлення далучалася спасылка, якая аўтаматычна перанакіроўвала на сайт "банка".

Хакеры ведалі, што падчас пандэміі каранавіруса тысячы людзей заказваюць тавары ў інтэрнэце. Яны спадзяваліся, што кліенты, якія чакаюць пасылкі, адрэагуюць на эсэмэскі. І многія сапраўды пераходзілі па спасылцы. 

Пасля гэтага ахвяры хакераў страчвалі кантроль над сваімі банкаўскімі рахункамі. Ашуканцы пераводзілі іх грошы з захопленых рахункаў на свае. Таксама былі выпадкі, калі падазраваныя бралі на чужы рахунак пазыку і адразу ж пераводзілі грошы сабе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі