Гучныя справы беларускіх салдат: што цяпер адбываецца з іх расследаваннем

06/12/2017 - 11:42

25 кастрычніка старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паабяцаў "падняць" матэрыялы праверак па фактах смерці і калецтва салдат у войску за апошнія шэсць гадоў. Ён не выключыў, што некаторыя выпадкі, што не дайшлі да судоў, будуць расследаваныя нанова.

 

15 лістапада прывёз паперы ў Барысаўскую камендатуру

Неўзабаве стала вядома, што сілавікі пераглядаюць справу Ігара Трапца ― салдата са Століна, які атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні падчас танкавых стрэльбаў у верасні 2016 года. Раней хлопец прызнаваўся Еўрарадыё, што даўно ўжо страціў надзею на справядлівасць.

"Пісалі ў Камітэт салдацкіх маці ― там нічога, адны адпіскі атрымлівалі. Міністру абароны матуля пісала разы тры... А больш я не ведаю, каму тут скардзіцца. Справу закрылі, ды і ўсё".

15 лістапада Ігар Трапец прывёз у Барысаўскую камендатуру паперы са шпіталя і эпікрызы. Прайшло 20 дзён. За гэты час з хлопцам больш ніхто не звязваўся. Як працягваецца перагляд яго справы, ён не ведае.

"Пакуль што нас нікуды не выклікалі"

Падобная гісторыя адбылася і з пераглядам справы аб гібелі ў войску іншага радавога ― Міхаіла Бяўзюка з Азарычаў. Трагедыя адбылася ў сакавіку 2015 года. Хлопец дасылаў сваякам лісты, у якіх распавядаў пра здзекі, а перад смерцю тэлефанаваў брату, які на наступны дзень збіраўся прывезці перадачу ў часць.

Расследаванне здарэння цягнулася некалькі месяцаў, але следчыя прыйшлі да высновы, што хлопец скончыў жыццё самагубствам.

Міхаіл Бяўзюк.

"Нічога не адбываецца. Яны проста адцягваюць час"

Расследаванне смерці яшчэ аднаго салдата, Арцёма Басцюка з Мінска, Следчы камітэт спыніў і адразу ж са скандалам узнавіў на пачатку кастрычніка. За справу ўзяўся новы следчы. З таго часу мінулі амаль два месяцы.

"Нічога не адбываецца. Яны проста адцягваюць час. Мы прыйшлі, пазнаёміліся з новым следчым. Праз месяц тэлефануем яму, а ён адказвае: "Следства вядзецца, яшчэ на два месяцы працягнулі...". І ўсё, увесь вынік, ― распавядае Таццяна Басцюк, маці загінулага салдата. ― Суседзі нам распавядаюць, што там хадзілі па ўсім пад'ездзе і прасілі, каб хто-небудзь даў характарыстыку на нашага сына. А як ён сябе паводзіў, а ці не быў ён недзе заўважаны... Але наш сын не быў нідзе заўважаны. Ёсць сертыфікат ― ён быў валанцёр Чырвонага крыжа, донар. А яны ўсё роўна ходзяць і шукаюць зачэпкі".

Па словах Таццяны, днямі з той жа мэтай па пад'ездзе хадзіў тамтэйшы ўчастковы міліцыянер. Жанчына ўпэўненая, што новы следчы шукае спосабы пацвердзіць высновы, да якіх прыйшоў яго папярэднік, а менавіта, што Арцём Басцюк скончыў жыццё самагубствам, і ніхто яму не дапамагаў.

Гэта дзіўна, бо абставіны смерці Арцёма Басцюка ўказваюць на адваротнае. 30 сакавіка 2017 года хлопец у прысутнасці сваіх бацькоў і начальства часці назваў прозвішчы "дзядоў", якія здзекаваліся з маладых салдат. На наступны дзень яго знайшлі павешаным. Але прычыны яго смерці следчы шукае ў пад'ездзе, дзе цяпер жывуць яго бацькі...

Арцём Басцюк. Фота з сацсетак.

"Следчы кажа: "А вы ведаеце, у часці сказалі, што Арцём неахайна апранаўся". Я кажу: "Як такое можа быць? Ён заўжды вельмі ўважліва ставіўся да свайго знешняга выгляду. Насіў доўгія валасы і не выходзіў з кватэры, не памыўшы галаву. Патлумачце!", ― працягвае матуля Арцёма Басцюка. ― "Ну, ён рэмень зацягваў слаба і верхні гузік не зашпільваў", ― адказвае следчы. Ну што на гэта адказаць... дзёрзкая неахайнасць, праўда?"

Калі ўлічыць працяг расследавання па справе Арцёма Басцюка, вынікаў трэба чакаць у сярэдзіне студзеня.

"Гэта дактары ва ўсім вінаватыя. Але дапытаць іх я не магу"

А вось па справе Аляксандра Коржыча, 21-гадовага пінчаніна, знойдзенага павешаным у часці ў Печах 3 кастрычніка 2017 года, следчыя дзеянні працягваюцца больш актыўна. Яго маці Святлана Мікалаеўна час ад часу ездзіць у Мінск. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, таму шмат што яна не мае права расказаць. 

"Я лічу, што гэта дактары ва ўсім вінаватыя. Я не магу шмат казаць... Але, каб своечасова была аказаная медыцынская дапамога, такога б не было. З вострым болем яны вазілі яго па псіхіятрычных лякарнях. Гэта нармальна?! ― распавядае Святлана Коржыч. ― Але дактары з намі размаўляць адмовіліся. А сама дапытаць іх я не магу".

Аляксандр Коржыч. Фота ў сацсетках

Следчы камітэт: "Пачынаюць гаварыць фігуранты, якія раней маўчалі"

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта РБ Сяргей Кабаковіч заўважае, што хуткіх вынікаў перагляду ранейшых матэрыялаў і расследавання справаў, заведзеных нанова, чакаць не варта:

"Аб'ём інфармацыі, якую трэба праверыць, вялікі. Да таго ж, трэба не толькі праверыць, але і даць прававую ацэнку. У нас няма асобнага падраздзялення, якое б займалася менавіта гэтай задачай, таму не ўсе так хутка. 

Пад іншым вуглом зараз разглядаюцца ранейшыя матэрыялы. Гэта абумоўлена ў тым ліку і тым, што пачынаюць гаварыць фігуранты, якія раней маўчалі. А таксама новымі абставінамі і методыкамі ў расследаванні, і магчымасцямі экспертных падраздзялення. Дакладна магу сказаць, што змена рашэнняў па матэрыялах некаторых праверак, ― гэта ужо вынік працы нашых супрацоўнікаў".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі