Грыбы з Калінкавіцкага раёна перавысілі радыяцыйную норму ў 36 разоў

19/12/2019 - 14:49

Забруджаныя радыяцыяй грыбы ў лістападзе былі выяўленыя ў дзеяці раёнах Гомельскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні пра вынікі праверкі, якую правялі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Спецыялісты абследавалі 1194 пробы харчовых прадуктаў па заяўках насельніцтва. Перавышэнне радыенуклідаў выяўленае ў 16 выпадках (1,3%), піша загадчыца аддзялення радыяцыйнай гігіены Ала Буздалкіна.

Радыяцыйнае забруджванне выявілі ў 15 пробах свежых грыбоў і прадуктаў іх перапрацоўкі (зялёнкі, сыраежкі, апенькі, масляты) у Брагінскім, Веткаўскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Нараўлянскім, Рагачоўскім і Чачэрскім раёнах. Прычым грыбы з Калінкавіцкага раёна перавысілі норму па ўтрыманні радыеактыўнага цэзію ў 36 разоў — 13 349 Бк/кг пры нарматыве 370 Бк/кг. 

Таксама высокае ўтрыманне цэзію і стронцыю паказала проба сушаных грыбоў з Лельчыцкага раёна — 4200 Бк/кг, пры нарматыве ў 2500 Бк/кг.

Пробы вады перавышэння нормы не паказалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі