Грузін, які сядзеў у Беларусі за жарт пра бомбу: Усё было справядліва і выдатна

11/07/2016 - 10:16

Як паведамляе Следчы камітэт, у Нацыянальным аэрапорце 7 ліпеня за словы “тратыл там” затрымалі расіянку Марыю Рымар. Крымінальная справа распачата з нагоды загадзя лжывага паведамлення пра небяспеку (частка 1 артыкула 340 крымінальнага кодэкса). 

Жанчына змешчаная пад варту. Але ў Следчым камітэце кажуць, што пасля выстаўлення абвінавачванняў Рымар могуць выпусціць з СІЗА.

Ступень пакарання па частцы 1 артыкула 340 вагаецца ад штрафу да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў.

На расіянку распачалі крымінальную справу за жарт у мінскім аэрапорце

Сёлета толькі ў Нацыянальным аэрапорце за словы  пра выбухоўку затрымалі траіх пасажыраў. Рымар — як мінімум чацвёртая. У плане такіх затрыманняў беларускі аэрапорт, бадай, галоўны ньюсмэйкер у Еўропе.

Самая знакамітая гісторыя тут здарылася не сёлета, а два гады таму. Героя таго здарэння, грузіна Гелу Сахелашвілі, зусім нядаўна адпусцілі на волю і з ім з’явілася магчымасць пагутарыць.

 

Захацеў да Папы Рымскага, перадаў запіску пілоту…

 

“Усё было справядліва, усё было выдатна і празрыста, разумееш? Я ўдзячны вашай дзяржаве, вашаму народу беларускаму. І за СІЗА, і за псіхіятрычны дыспансер, і за суд, і за зону. Усё было класна, усё было акуратна, на вышэйшым узроўні. Я ўсім ўдзячны, дарагі!” — выказваецца Сахелашвілі Еўрарадыё.

Акалічнасці свайго ўчынку ў самалёце ён катэгарычна не хоча ўзгадваць.

На пытанне, ці не лічыць ён сваё трохгадовае пакаранне за няўдалы жарт негуманным, Сахелашвілі адказвае так: “Рай і гуманнасць існуюць толькі наверсе — на небе…”

А гісторыя была такой. 10 чэрвеня 2014 года Сахелашвілі ляцеў у Мінск з Кутаісі на заробкі. Перад пасадкай у самалёт ён моцна падпіў. Падчас палёту мужчына папрасіў да сябе сцюардэсу і перадаў ёй запіску, якую трактавалі як пагрозу ўзарваць паветранае судна.

Прадстаўнікі Грузінскага пасольства расказалі Еўрарадыё пра некаторыя акалічнасці. Сахелашвілі некалі даўно ездзіў на заробкі ў Заходнюю Еўропу, і ў яго засталася крыўда на працадаўцаў. У самалёце “Белавіі” нецвярозы і тэмпераментны мужчына прыгадаў даўнюю крыўду. Ён захацеў паскардзіцца Папе Рымскаму. Таму і напісаў правакацыйную запіску камандзіру судна, патрабаваў, каб самалёт развярнулі ў Рым. Жарт гэта быў ці не, ніхто разбірацца не стаў.

Самалёт прызямліўся ў Мінску. Прадстаўнікі КДБ увайшлі ў салон і блізу 30 хвілін міла гутарылі з Сахелашвілі. А потым гэтак жа мірна падняліся і вывелі яго. У студзені 2015 года Сахелашвілі далі тры гады пазбаўлення волі за ўгон паветранага судна" (артыкул 311, частка 2).  

Асуджанага выпусцілі датэрмінова — праз два гады пасля здарэння. Ён вярнуўся ў родную Тэржалу, схуднелы, але…без крыўды на беларусаў.

Як паводзіць сябе ў беларускім аэрапорце, каб не абвінавацілі па артыкуле 340

 

У Нацыянальным аэрапорце “Мінск” Еўрарадыё патлумачылі, што на іх афіцыйным сайце ёсць раздзел “Несапраўдная пагроза”. Там намеснік начальніка Мінскага АУС на паветраным транспарце палкоўнік Ваўчок тлумачыць наступствы жартаў пра “бамбаванне” аэрапорту. У тэксце прыводзіцца артыкул 340 крымінальнага кодэкса, а таксама згадваецца пра тое, што, як правіла, такія паведамленні аказваюцца жартамі. Аднак да праверкі тут жа падключаецца шэраг спецслужбаў, чыю працу трэба аплачваць.

Сяброўкі Марыі Рымар абмяркоўваюць сваю версію яе затрымання ў аэрапорце

Калі верыць адвакату Марыі Рымар і яе сяброўцы, якая бачыла момант затрымання, вялікай фінансавай шкоды расійская грамадзянка Нацыянальнаму аэрапорту не нанесла. Верагодна, яе пакаранне не будзе занадта жорсткім.

Аднак гэтая гісторыя ў чарговы раз папярэджвае пасажыраў: у беларускім аэрапорце лепш увогуле забыцца пра такія словы, як “угон”, “тратыл”, “бомба” і іншыя ў такім жа духу. Ці ўвогуле на некалькі гадзін да пасадкі ў самалёт стаць нямым.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі