Гродзенец паставіў намёт перад адміністрацыяй раёна і сабраўся там жыць

25/06/2019 - 13:33

Гродзенец Аляксандр Лаўрэнцьеў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі паставіў намёт перад будынкам адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада, піша hrodna.life.

Такім чынам мужчына хацеў прыцягнуць увагу да недахопу жылля і вялікіх чэргаў на яго. Мужчына ўпэўнены, што праблемы з жыллём маюць 30%насельніцтва краіны. 

"Я тут хутка буду жыць, таму што дома ў мяне ўжо жыць няма дзе. У мяне 34,5 квадратнага метра жылля, на якіх пражывае пяць чалавек. Цяпер у мяне малодшая дачка пойдзе ў школу, і мне нават пісьмовы стол… Толькі да столі прыбіваць, каб яна магла займацца. З адміністрацыі мне прыходзяць толькі адмовы (на арэнднае жыллё — hrodna.life). Я прапаную выдаваць усім такія палаткі — эканомна, даступна, можна жыць. На скрайні выпадак, у летні перыяд перакантавацца можна", — патлумачыў Лаўрэнцьеў сутнасць свёй акцыі.

Сам гродзенецпа прафесіі повар-кандытар. У яго ёсць жонка і двое дзяцей — пяцігадовая дачка і трохгадовы сын. Жывуць яны з мамай Аляксандра. Мужчына баіцца, што сацыяльныя службы могуць палічыць непрымальнымі ўмовы, у якіх жывуць дзеці, і ў сям’і з’явяцца праблемы. Да таго ж, у сям'і ўжо цяпер пачаліся канфлікты праз адсутнасць асабістай прасторы.

У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў Лаўрэнцьеў стаіць з лістапада 2013 года. Арэндную кватэру ён хоча атрымаць меншую за 60 квадратных метраў, каб застацца ў чарзе і пацягнуць фінансавыя выплаты. На ўсе яго заявы чыноўнікі адказвалі адмоўна. Яму прапаноўвалі ўладкавацца на дзяржпрадпрыемства з інтэрнатам, але з заробкам каля 300 рублёў. .

Тыдзень таму мужчына стаў беспрацоўны. Дагэтуль ён працаваў у ТАА "Архіфуд" і атрымліваў каля 650 рублёў. Са святочнымі і фестывальнымі днямі атрымлівалася больш. Таксама Аляксандр падпрацоўваў на будоўлі. Жонка працуе поварам у ГЦ "Карона". Ніхто з іх не можа атрымаць жыллё ад месца працы, а здымаць кватэру — дорага.

Калі мужчына паставіў намёт, да яго спярша прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, а потым міліцыянты. Яны перапісалі асабістыя даныя ў Аляксандра Лаўрэнцьева і яго аднапартыйца Мікалая Саляніка, які прыйшоў на падтрымку. Парушэнняў у дзеяннях актывістаў міліцыянты не пабачылі.

Праз гадзіну да Лаўрэньцева выйшаў кіраўнік раённай адміністрацыі Алег Бялінскі і прапанаваў магчымыя варыянты жылля. Гродзенцу прапанавалі трохпакаёвую кватэру з частковымі выгодамі ў аднапавярховым шматкватэрным доме 1969 года. Праўда, рамонтам кватэры давядзецца займацца самім новым жыхарам. Аляксандр паглядзеў кватэру і вырашыў, што ў сям’і няма грошай, каб прывесці яе ў парадак. Цяпер разглядае іншыя варыянты. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі