Гранатамёты Javelin, "Байрактары" і "Стынгеры": чым Украіна сустрэне агрэсара

15/02/2022 - 12:00
Выпрабаванні Узброенымі сіламі Украіны СТРК Javelin у зоне ААС на Данбасе / прэс-служба Аперацыі аб'яднаных сіл

"Вайна ва Украіне можа пачацца з дня на дзень", — такі парадак дня на некалькі тыдняў трывала асталяваўся ў сусветных СМІ. На імавернасць канфлікту ўскосна паказваюць інсайды з Захаду і манеўры войскаў на расійска-беларускіх вучэннях "Саюзная рашучасць". З тэрыторыі Украіны тым часам эвакуююць замежных грамадзян і офісы замежных ведамстваў.

Чым Украіна гатовая сустрэць патэнцыяльнага праціўніка? Як украінцы адрэагуюць на беларускія войскі, калі тыя ўмяшаюцца ў ход баявых дзеянняў? На вострыя пытанні ў інтэрв'ю Еўрарадыё адказвае дырэктар Украінскага інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.

 

Ёсць чым сустрэць

Еўрарадыё: Якую зброю Украіна цяпер атрымлівае і ад якіх краін?

Яўген Магда: За апошні месяц Украіна атрымала лятальнай зброі больш, чым за папярэднія восем гадоў супрацьстаяння на Данбасе. У першую чаргу пастаўшчыкі гэтага ўзбраення ёсць ЗША і Вялікабрытанія. Яны паставілі Украіне некалькі тысяч супрацьтанкавых гранатамётаў NLAW. Таксама яны далі некалькі дзясяткаў супрацьтанкавых ракетных комплексаў Javelin у дадатак да тых, якія ўжо былі ва Украіны.

Даць узбраенне паабяцалі і краіны Балтыі. Літва ўжо паставіла пераносныя зенітна-ракетныя комплексы Stinger. Акрамя гэтага, Украіна атрымлівае розную амуніцыю, боепрыпасы, гранатамёты, неабходныя для вядзення баёў у гарадах.

Амерыканскія вайскоўцы выпрабоўваюць супрацьтанкавы ракетны комплекс Javelin / picture-alliance/Newscom/M. Reif

Яўген Магда: Наконт турэцкіх ударных беспілотнікаў "Байрактар": першы і адзіны досвед баявога прымянення "Байрактара" быў восенню мінулага года. Тады ён знішчыў гармату, з якой стралялі баевікі, і ён сур'ёзна змяніў сітуацыю на Данбасе. Ён паказаў, што такое прымяненне магчымае з тэрыторыі Украіны без перасячэння лініі судакранання. Пры гэтым баевікі больш не адчуваюць сябе беспакаранымі.

Украінскія вайскоўцы побач з ударным беспілотнікам "Байрактар" / YULII ZOZULIA/GLOBALLOOKPRESS

Каму патрэбна гэтая вайна?

Еўрарадыё: Якія на сённяшні дзень намеры і расстаноўка сіл у гіпатэтычных праціўнікаў?

Яўген Магда: Для Украіны гэтая вайна абарончая, а не наступальная. Украіна не мае намеру ваенным шляхам вырашаць пытанні вызвалення часова страчаных тэрыторый — і гэта шматкроць падкрэсліваецца на публічным узроўні. Я ўпэўнены, што ва ўкраінскага кіраўніцтва выключна абарончая тактыка.

Яўген Магда / Еўрарадыё

Яўген Магда: Магчымае шырокамаштабнае ўварванне Расіі — гэта не бойкі з ДНР і ЛНР. З іншага боку, РФ сканцэнтравала такую колькасць бранятэхнікі ў так званых народных рэспубліках, што іх войскі па насычанасці бранятэхнікай пераўзыходзяць некаторыя войскі краін НАТА.

Але я скажу, што насычэнне ўкраінскіх войскаў супрацьтанкавымі сродкамі, па-мойму, сур'ёзна падарвала баявы дух расійскіх танкістаў. Таму што адна рэч слухаць нейкія заявы, а іншая рэч бачыць, як Javelin з адлегласці некалькі кіламетраў спальвае танк, абвешаны разнастайнымі ахоўнымі сродкамі. Я думаю, што не ўсё так проста і добра ў расіян. Улічваючы, што значная частка расійскіх войскаў камплектуецца салдатамі тэрміновай службы, а не кантрактнікамі.

Пападанне гранатамёта NLAW па танку Т-72

Манеўры каля межаў не азначаюць пачатку маштабнай вайны

Еўрарадыё: Пытанне, якое хвалюе ўсіх: вайна непазбежная?

Яўген Магда: Вайна ідзе ўжо восьмы год. Цяпер гаворка ідзе пра магчымасць пашырэння баявых дзеянняў або пра тое, што яны ўсё роўна будуць сканцэнтраваныя на тэрыторыі Данбаса. Сказаць, што адносіны паміж Расіяй і Украінай зноў стануць проста мірнымі, — я думаю, такога не скажа ніводзін разважлівы чалавек. Уявіць сабе такое ў найбліжэйшы час проста немагчыма.

Еўрарадыё: Расійскія войскі на мяжы — гэта паказчык хуткага ўварвання?

Яўген Магда: Мы бачым досыць шмат дэзынфармацыі. Дэзынфармацыя — спадарожніца баявых дзеянняў або падрыхтоўкі да вайны. Я б пакуль не абсалютызаваў ні спадарожнікавыя здымкі, ні звесткі выведкі. Гэта не дае стаадсоткавага выніку. Можна ганяць адны і тыя ж эшалоны з вайсковай тэхнікай. Я думаю, што ў ваенных манеўрах Расіі ёсць дастаткова вялікі складнік псіхалагічнага ціску. Гэта яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што гібрыдная вайна ідзе ў першую чаргу за мазгі і ўжо потым за тэрыторыі.

Еўрарадыё: НАТА ўпішацца за Украіну?

Яўген Магда: НАТА не мае ніякіх юрыдычных падстаў ваяваць за Украіну. Гэтым разам НАТА ўжо не выказвала глыбокай заклапочанасці, а ўжо забяспечыла дастаткова істотныя пастаўкі супрацьтанкавай і супрацьпаветранай зброі. Таму нельга сказаць, што НАТА цалкам стаіць убаку. Але і сцвярджаць, што Паўночнаатлантычны альянс экстранна прыме Украіну ў свае шэрагі — я думаю, на сёння такога варыянта не існуе.

Украінскія і канадскія вайскоўцы / instagram.com/patriot_donbasa

Што будуць рабіць з беларусамі?

Еўрарадыё: Як украінцы паставяцца да беларусаў, якія могуць уварвацца ва Украіну разам з імаверным агрэсарам?

Яўген Магда: Не можа быць ніякай розніцы паміж агрэсарам, які ўступае на тэрыторыю Украіны. Ці то ён мае ў сваёй кішэні расійскі пашпарт, ці пашпарт любой іншай дзяржавы — ніякай розніцы не будзе. Трэба разумець, што агрэсіўныя дзеянні з тэрыторыі Беларусі цалкам знішчаць рэшткі і без таго не бліскучай умоўнай легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Шчыра кажучы, я з цяжкасцю ўяўляю, каб дружалюбны для Украіны народ Беларусі знайшоў для сябе магчымасць ваяваць супраць украінцаў. Па-мойму, гэта не адпавядае духу нашых дыпламатычных адносін, якія былі ўсталяваныя яшчэ ў снежні 1991 года.

Еўрарадыё: Ці ёсць ва Украіны шанц выстаяць у гіпатэтычнай маштабнай вайне?

Яўген Магда: Ва Украіны ёсць не проста шанц выстаяць у вайне. Сітуацыя такая, што Расія можа проста "разваліцца" праз тое, што яна не разлічыла сваіх сіл і надумала звязацца з матываванай Украінай, якая імкнецца да рэальнай незалежнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі