Глеб хацеў згуляць у плэй-оф Лігі нацый, але не ведаў, што матчы будуць у 2020-м

20/11/2018 - 08:05

Самы вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб пакуль не вырашыў, ці не стане цяперашні сезон для яго апошнім. Ён выступае за БАТЭ, а нядаўна вярнуўся ў склад зборнай Беларусі. У інтэрв'ю "Прессболу" 37-гадовы Глеб кажа, што будзе сачыць за самаадчуваннем, а таксама параіцца з сям'ёй.

"У мяне вялізнае жаданне згуляць у плэй-оф Лігі нацый, дапамагчы здзейсніць мару мільёнаў людзей нашай краіны, — гаворыць Аляксандр Глеб. — Але толькі на цяперашнім зборы [зборнай] даведаўся, што гэтыя матчы пройдуць у сакавіку 2020-га. Я ж спачатку думаў, што бліжэйшай вясной. А паўтара года — доўгі тэрмін".

Зборная Беларусі заняла першае месца ў 2-й групе дывізіёна D і заваявала права згуляць у дывізіёне C новага турніру — Лігі нацый УЕФА. Але галоўнае тое, што дружына Ігара Крывушэнкі выйшла ў плэй-оф Лігі нацый свайго дывізіёну. Чатыры каманды, пераможцы груп, пазмагаюцца за адну пуцёўку на чэмпіянат Еўропы 2020 года. Калі 20 лістапада зборная Косава ў апошнім матчы групавога раўнда выйграе ў Азербайджана, то беларусы згуляюць у плэй-оф з грузінамі. У адваротным выпадку сапернікам нашай каманды стане Македонія. Паколькі зборная Беларусі набрала ачкоў менш, чым яе імаверныя сапернікі, то паўфінальны паядынак пройдзе ў гасцях. Лёс жа пуцёўкі на кантынентальнае першынства вырашыцца ў фінале. Але яшчэ да гэтага ў беларускіх футбалістаў будзе шанец паспрабаваць прабіцца ў Еўра-2020 праз кваліфікацыю, праўда, там ім будуць супрацьстаяць моцныя зборныя.

Беларускія футбалісты на чэмпіянаце Еўропы, як і на чэмпіянаце свету, яшчэ ніколі не былі. Таму Ліга нацый дае ім выдатны шанец. Цалкам магчыма, што дзеля гэтага Глеб вырашыць пагуляць яшчэ паўтара года.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі