Дзіця з аўтызмам у кансультацыйным цэнтры ў іарданскім Амане / REUTERS, Ali Jarekji
Мігранты з Курдыстана Сарвін і Рэбаз правялі 10 сутак у лесе на беларуска-польскай мяжы дзеля дзяцей, расказвае агенцтва Rudaw.
Дыягназ іх сына і дачкі — "аўтызм". Магчымасці адправіць дзяцей у рэабілітацыйны цэнтр у Курдыстане ў сям'і не было.
Сарвін і Рэбаз жылі ў сталіцы іракскага Курдыстана — Эрбіле. Рэбаз быў рабочым і зарабляў 400 долараў на месяц. З гэтым заробкам дазволіць сабе дарагую рэабілітацыю для дзяцей сям'я не магла.
Дзяржаўных цэнтраў рэабілітацыі для дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектру яшчэ ў 2020 годзе было ўсяго тры. Месцаў там не хапала.
Напрыклад, у правінцыі Эрбіль каля тысячы дзяцей з аўтызмам. У адзіным дзяржаўным цэнтры ў 2019 годзе маглі паклапаціцца толькі пра 32 дзяцей. Зараз такіх месцаў тры, але і гэтага відавочна недастаткова.
У Курдыстане ёсць і прыватныя цэнтры, але рэабілітацыя там каштуе непад'ёмную для сям'і суму.
"Быў даступны адзін цэнтр, але ён каштуе 600 долараў на месяц. За дваіх дзяцей — 1200 долараў на месяц", — распавядае Рэбаз.
Мігранты спадзяюцца, што ў Еўропе іх дзеці змогуць атрымаць дапамогу.
"Яны будуць расці, і сітуацыя будзе пагаршацца, калі з імі не займацца", — кажа Рэбаз.
Сям'я заняла грошы ў сваякоў і адправілася да беларуска-польскай мяжы. Сарвін і Рэбаз кажуць, што правялі ў лесе 10 дзён без вады і ежы.
"У нас нічога з сабой не было. Мы проста спалі ля вогнішча", — успамінае Сарвін.
Праз 10 дзён, праведзеных у лесе, мігрантаў затрымалі польскія памежнікі. Цяпер яны знаходзяцца ў лагеры для бежанцаў і мігрантаў у Беластоку. Тут і правядуць бліжэйшыя два месяцы.
Усяго каля трох тысяч чалавек у Курдыстане маюць дыягназ "аўтызм", падлічыла арганізацыя Hope Autism Society.
Сем'і і актывісты, якія займаюцца дапамогай людзям з аўтызмам, кажуць, што механізмы дапамогі ў існуючых цэнтрах не адпавядаюць міжнародным стандартам.
І год таму прэм'ер-міністр іракскага Курдыстана Масрур Барзані заявіў: ён дасведчаны аб праблемах, з якімі сутыкаюцца дзеці з расстройствамі аўтычнага спектру і іх сям'і. Таму ўрад вырашыў вылучыць грошы на стварэнне новага цэнтра для дзяцей з аўтызмам і абяцаў інвеставаць у іх стварэнне ва ўсім рэгіёне.
Сам прэм'ер ірацкага Курдыстана Барзані лічыць, што большасць людзей, якія сышлі з рэгіёну да мяжы Беларусі і ЕС, — проста эканамічныя мігранты. Яны паехалі ў Еўропу ў пошуках лепшага жыцця.
Але сітуацыя, у якую трапіла сям'я Сарвін і Рэбаза, адрозніваецца ад агульнай гісторыі, апісанай прэм'ерам. Рэбаз запэўнівае журналістаў, з якімі пагутарыў у цэнтры ў Беластоку: калі б не дзеці, ён ні за што не з'ехаў бы з Курдыстана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут