Гістарычны музей пагражае судом аглядальніку АНТ

17/01/2017 - 17:09

Адміністрацыя Нацыянальнага гістарычнага музея пагражае судом аглядальніку тэлеканала АНТ Аляксею Міхальчанку, калі ён не папросіць прабачэння. Музейшчыкаў абурылі яго выказванні пра экспазіцыю і дзейнасць Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які з'яўляецца філіялам Гістарычнага музея. Выступ Міхальчанкі выйшаў у тэлеэфір увечары 14 студзеня ў аўтарскім відэаблогу "Як ёсць".

Адкрыты ліст супрацоўнікаў музея да старшыні праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" (АНТ) Рыгора Кісяля абнародаваны на сайце ўстановы.

У сваёй тэлепраграме Міхальчанка раскрытыкаваў экспазіцыю музея і паведаміў, што яна не напаўняе гонарам сэрцы грамадзян Беларусі і не выклікае павагу ў прыезджых. Ён прапанаваў, каб копія Дэкларацыі аб незалежнасці займала ўсю сцяну, а эканамічныя поспехі дзяржавы былі праілюстраваныя вялікімі зліткамі золата ды інфармацыяй пра золатавалютныя рэзервы. Таксама журналіст прапанаваў размясціць у зале сапраўднае кола самазвала "БелАЗ" і паставіць васковыя фігуры біятланісткі Дар'і Домрачавай ды Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўніцтва музея палічыла, што Міхальчанка некарэктна распавёў пра ўстанову і сказіў факты. Павялічваць копію Дэкларацыі аб незалежнасці музейшчыкі лічаць немэтазгодным, бо "ў дадзеным выпадку важным з'яўляецца не мастацкая форма падачы інфармацыі, а змест. /.../ Як правіла, вонкава несамавіты артэфакт эмацыйна больш насычаны", — лічаць супрацоўнікі культурнай установы.

Таксама ім не спадабалася ідэя інтэрактыўнага стэнда са звесткамі пра золатавалютныя рэзервы і кола "БелАЗа". Такім экспанатам, лічаць супрацоўнікі, не месца ў музеі класічнага тыпу, бо яго асноўная функцыя — асвета, а не забава. Абразлівым назвалі музейшчыкі і тое, што Міхальчанка параўнаў копію касмчнага спадарожніка БКА з "дзіўнай валізай".

Прапанову паставіць васковыя фігуры Домрачавай і Лукашэнкі супрацоўнікі музея лічаць абсурднай. А выраз "касцюм Домрачавай на манекене са Жданоў" (рынак у Ждановічах. — Еўрарадыё) абурыў іх. Музейныя работнікі назвалі недапушчальным карыстацца жаргоннымі выразамі ў эфіры нацыянальнага тэлеканала.

Таксама яны палічылі некарэктным, што Міхальчанка параўнаў іх экспазіцыю з экспазіцыяй Полацкага краязнаўчага музея. Музейшчыкі запэўнілі, што "не стануць голасна параўноўваць якасць праграм розных тэлеканалаў".

На думку супрацоўнікаў музея, заявы Міхальчанкі наносяць эканамічную шкоду дзейнасці музея  і адваджваюць ад яго патэнцыйных наведвальнікаў. Таму яны патрабуюць ад яго прабачэнняў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі