Палітык і літаратар Павел Севярынец звярнуўся з адкрытым лістом да сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра. Ліст апублікаваны напярэдадні з'езда арганізацыі, які пройдзе 26 кастрычніка.
Севярынец заяўляе, што ў кіраўніцтве ПЭН-цэнтра сабралася лявацкая група культурных марксістаў і прапагандыстаў ЛГБТ, якая пераследуе хрысціян. Павел падкрэслівае, што Рада ПЭН-цэнтра не прыняла ў шэрагі арганізацыі восем з дзевяці хрысціянскіх літаратараў, якія падавалі заявы.
Як адрэагавалі на адкрыты ліст Паўла Севярынца беларускія літаратары? Хто яго падтрымлівае, а хто — рэзка супраць?
Журналіст Дзмітры Гурневіч лічыць, што ліст Севярынца — “гарачы маніфэст і бліскучая публіцыстыка ў рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду [тут і далей аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя. — Еўрарадыё]”:
“Павел Севярынец піша, што Пэн-цэнтар захапілі гей-лобі, левакі, феміністкі і масоны, якія не пускаюць туды хрысціянаў. Маўляў, усё пачалося ў 2009-м, калі прыйшоў Андрэй Хадановіч. Гарачы маніфэст, бліскучая публіцыстыка Паўла, у рэчышчы агульнаеўрапейскага трэнду: левыя называюць правых фашыкамі, нацыкамі і цемрашаламі, а правыя левых — марксістамі, збачэнцамі і антыхрыстамі”.
Аднак дадае, што ён паглядзеў, каго ўзнагароджвалі прэміямі ПЭН-цэнтра апошнія 10 гадоў, і прапануе людзям самім вырашыць, хто з іх левы, хто гей-лобі, а хто масон:
Пісьменніца і перакладчыца Марыя Мартысевіч асабіста рэагуе на заяву Паўла Севярынца. Яна расказвае, што сёлета арганізоўвала дзве літаратурныя праграмы для ПЭН-цэнтра, у якіх удзельнічалі літаратары-вернікі. Але запрашалі іх не таму, што яны хрысціяне, а праз тое, што яны зрабілі для культуры, і гэта галоўны крытэрый:
“Я, па-першае, пра тое, што калі літаратурная арганізацыя ці літаратурны арганізатар у Беларусі бярэцца нешта прадставіць, літаратары-вернікі ці наўпрост рэлігійныя кнігі нязменна трапляюць у гэты пералік. Але запрашаюць іх не таму, што яны хрысціяне, а праз тое, што яны зрабілі для культуры.
На першым фестывалі нам прадставіла стэнд Амбасада Брытаніі - тая самая, якая аднойчы вывесіла на фасадзе вясёлкавы сцяг. У будынку ІВВ, дзе адбывалася праграма Беларускага ПЭНу, рабілі мерапрыемствы і ЛГБТ-актывісты, і гендарныя актывісты. Напрыклад, пасля нашай дыскусіі пра мовы ў той жа аўдыторыі адбываўся круглы стол па фэт-шэймінгу ў рэкламе”.
Краязнаўца і актывіст Кастусь Шыталь на баку Паўла Севярынца, лічыць, што той мае рацыю, што “левакі” сапраўды апанавалі пісьменніцкую арганізацыю і не пускаюць туды хрысціян:
“Бо хочуць прасоўваць, прапагандаваць сваю ідэалогію, свой светапогляд - адначасова не дазваляючы падтрымліваць, развіваць і прапагандаваць сваю культуру нам, хрысціянам, якія тысячу год беларускую культуру стваралі ад падмуркаў”.
Літаратар і публіцыст Севярын Квяткоўскі лічыць, што галоўная праблема ў словах Севярынца ў тым, што той звязвае тое, што ён хрысціянін, з уласным адлічэннем з ПЭН-цэнтра:
“Севярынцу зрабілі “delеte” з ПЭНу не за тое, што ён не сплаціў сяброўскія складкі арганізацыі. Усялякае бывае ў жыцці, статут прадугледжвае адтэрмінаванне ці нават скасаванне запазычанасцяў для людзей у складаных сітуацыях. Севярынца “адлічылі” за дэклараванне прынцыповай нясплаты складкаў цяпер і ў будучыні. Прынцыповасць Севярынца ўзнікла калі ён пабачыў у офісе ПЭНу фотавыставу з ЛГБТ-тэматыкай. Алгарытм у Севярынца такі: “хрысьціянін” – гомафоб – неплацельшчык складкаў”.
Пісьменнік Андрэй Адамовіч вырашыў не хвалявацца і выкарыстоўваць шуміху вакол заявы Севярынца для прасоўвання сваёй новай кнігі “Песня пра Цімура”:
“Прыходжу я значыць з рукапісам “Песні пра Цімура” да Пашы Анціпава, рэдактара кнігі, роля якога асабліва змрочная. А ён мне:
– Твор добры, толькі што ты, Андрэйка, будзеш рабіць са сваёй гамафобіяй?
– Што-што? – Кажу. – З чым? – Кажу – Што рабіць?
– А вось у цябе яшчэ і ўнёскі ня сплачаны… – Здалёк Анціпаў пачынае, а я ўжо бачу да чаго вядзе, вядзе да выключэння з Пэну.
Але мы пасля чыста па-мужчынску вырашылі, то і пару гамафобных кавалкаў у кнізе пакінулі і па марксізме прайшліся і па зеноўеўскім ухіле і першаснае назапашванне капіталу ў гей-лобі апісалі”.
Перакладчыца Галіна Жарко абараняе Паўла і лічыць, што беларусам не хапае салідарнасці, бо сваіх цкуём:
“Павел наш! Ён на вайне з нашым агульным сапраўдным ворагам. Мы ж захапляемся салідарнасцю ўкраінцаў, толькі што ў фб захапляліся Грэтаю (Жанаю Дарк цяперашняю)... Я пра словы, пра азначэнні, пра дыягназы. Тыя, з таго боку, яны ж радыя і шчаслівыя, што нашага чалавека з нашым сцягам мы самі... Павел першы пачаў? Ён фанатык? Будзеце камянямі выбіваць з яго фанатызм, вар'яцтва? Словы ў яго бок ляцяць як цагліны. Ответочка ад людзей, якія лічаць сябе ў параўнанні з ім нармальнымі”.
Паэтка Крысціна Бандурына расказвае, што не з’яўляецца сябрам ПЭН-цэнтра, але лічыць сябе сябрам тых людзей, па якіх у сваім лісце “прайшоўся” Павел Севярынец:
“Я не сябра ПЭН-цэнтра, але ў гэтай сітуацыі я — ПЭН. Я цалкам падтрымліваю ўсе “лявацкія” ідэалы гуманізму, роўнасці, павагі, свабоды слова, якія прапісаны ў Статуце Беларускага ПЭН-цэнтра і якімі кіруюцца мае сябры.
Хацела сказаць, што: калі спекуляваць на сваіх-_палітычных_заслугах у_пісьменніцкай_арганізацыі; адстойваць свае погляды (што не супадаюць, дарэчы, са Статутам ПЭНа, у які лезеш), пераходзячы на асобы; калі прысвойваць сабе гісторыю і культуру, трактуючы іх на сваю карысць; забараняць іншым апранацца ў тое, што ім падабаецца, размаўляць той мовай, якой зручна, і пісаць пра што хочацца, — калі ўсё гэта — тое, што правільна, тады я з задавальненнем буду “лявацкай пошасцю”.
Пісьменніца Юлія Шарова лічыць, што асноўнай мэтай Паўла было, каб пра яго гаварылі:
“Пакуль адны творцы качаюць біцуху, каб не сорамна было распрануцца і стаць з шыльдай на чэлесе, пакуль другія выдаюць кніжкі з бананамі на вокладцы, Севярынец сачыняе адкрыты ліст ПЭНу.
Во дзе хайп ды розгалас. Павал дасягнуў пастаўленай мэты: пра яго гавораць. Не ведаю, ці атрымаецца ў Паўла заваліць ПЭН, але шораху ён дакладна нарабіў і сваё прагненне ўлады рэалізаваў.
Рэч у тым, што гэта чувак, пасунуты на кантролі ды ўладзе, які за сорак з хвастком гадоў нічога іншага не навучыўся рабіць, апроч як змагацца. Таму ён і займаецца палітыкай у меру адведзеных яму кармай магчымасцяў. У яго рэпутацыя барацьбіта за Беларусь. Ён за яе пакутваў, у турме сядзеў.
Дык вось, пляваць ён хацеў на тую Беларусь. Гэтае змагарства для Севярынца - толькі інструмент, адзінае акенца, куды ён можа вылезці і сказаць "гаў". Каб шанавалі і баяліся”.
Паэт і фэйсбук-публіцыст Стась Карпаў не разумее, навошта Павел Севярынец лезе ў нейкую суполку, чые каштоўнасці ён не падзяляе:
“У наш час, дарагі Павел, зусім не абавязкова тырыцца ў нейкую суполку. А калі ўжо ўтырыўся, то трэба плаціць колькі абяцаў. А калі не хочаш і калі суполка не задавальняе цябе - абкладзі ўсіх х**мі і выйдзі з яе, гучна грукнуўшы дзвярмі.
Але нельга прасіцца быць, нічога не плаціць, усіх не любіць, лічыць сябе ў асадзе і патрабаваць усё перайначыць.
Для таго, каб сказаць, што людзі табе не падабаюцца - не абавязкова называць іх марксістамі. Для таго, каб выказаць сваю нязгоду - не абавязкова назначаць сябе абаронцам хрысціянаў”.
Сёлета ўвесну стала вядома, што Севярынца выключылі са складу ПЭН-цэнтра. Кіраўніцтва арганізацыі заяўляе, што ён не плаціў сяброўскія складкі. Сам Севярынец (які з'яўляецца сустаршынёй аргкамітэта партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя") тады тлумачыў, што наўмысна перастаў плаціць складкі, бо ў ПЭНе ладзяцца "мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.