Германія не бачыць магчымасці правядзення чэмпіянату свету па хакеі з расійскай зборнай

07/11/2026 - 14:13

Заява ўладаў ФРГ пасля кансультацый / Reuters

Урад Германіі практычна выключыў правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2027 года, калі да турніру будзе дапушчана зборная Расіі.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік урада Штэфан Карнэліўс на прэс-канферэнцыі. Яна адбылася пасля кансультацый Берліна з Нямецкім хакейным саюзам (DEB), Міжнароднай федэрацыяй хакея і Нямецкім алімпійскім спартыўным саюзам.

Паводле слоў Карнэліўса, з-за шырокага непрыняцця з боку іншых дзяржаў, а таксама дзелавых і медыяпартнёраў "правядзенне турніру становіцца фактычна немагчымым як са спартыўнага, так і з эканамічнага пунктаў гледжання".

Ён адзначыў, што шэраг краін, у тым ліку дзейныя чэмпіёны свету фіны, сур'ёзна пагражаюць байкотам. Паводле яго слоў, гэта сведчыць пра тое, што "міжнароднае хакейнае суполства не прымае вяртання Расіі, нават нягледзячы на рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда". 

Карнэліўс таксама паведаміў, што некалькі спонсараў чэмпіянату заявілі пра адмову ад супрацоўніцтва ў выпадку ўдзелу расійскай каманды.

Старшыня праўлення DEB Франк Лутц дапусціў магчымасць адмовы Германіі ад статусу краіны-гаспадыні турніру.

"Наша мэта — правесці турніры ў адпаведнасці з планам. Аднак у выпадку дапуску Расіі і наступных байкотаў гэта становіцца фактычна немагчымым, — адзначыў Карнэліўс. — Таму зараз мы маем намер шляхам перамоваў вывучыць варыянты, якія дазволілі б усё ж правесці турнір".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі