Генсек АБФФ Вяргейчык прынёс прабачэнні за выказванне пра жаночы футбол

05/07/2018 - 12:59

Генеральны секратар Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола Юрый Вяргейчык прынёс прабачэнні за выказванне пра жаночы футбол. Напярэдадні ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 5" спартыўны функцыянер сказаў наступнае: "Лічу, што футбол усё ж такі — не жаночы від спорту. Прызначэнне жанчын — нараджаць. А не так працаваць і здзекавацца над арганізмам". Паводле слоў Вяргейчыка, ён асацыюе жанчын з музыкай і танцамі. Не дзіўна, што словы генсека выклікалі скандал.

Сённяшняя заява Юрый Вяргейчыка была змешчаная на сайце федэрацыі футбола. "Найперш хачу падкрэсліць, што паважліва стаўлюся да жаночага спорту ў цэлым і футбола, у прыватнасці, — спрабуе выправіць сітуацыю Вяргейчык. — Кожны чалавек мае права сам выбіраць, чым займацца ў жыцці — без аглядкі на прыватныя меркаванні навакольных, у тым ліку генеральнага сакратара федэрацыі футбола".

Генеральны сакратар АБФФ "засмучаны", што яго словы "выклікалі негатыўную рэакцыю ў грамадстве і былі ўспрынятыя ў кантэксце перспектыў жаночага футбола Беларусі". "Хацеў бы прынесці прабачэнні ўсім, каго закранулі або пакрыўдзілі мае словы", — заявіў Юрый Вяргейчык. Ён паабяцаў, што жаночаму футболу будзе нададзеная пільная ўвага: "ад аматарскіх спаборніцтваў да выступленняў нацыянальнай зборнай".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі