Генпракуратура: Калі чалавека б’юць — ён мае права абараняцца

16/03/2017 - 12:51

Адкуль увогуле ўзялася гэтая практыка ў праваахоўнікаў — працаваць у цывільным? Упершыню іх існаванне і датычнасць да праваахоўных органаў афіцыйна прызнаў у 2011 годзе тагачасны міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Больш за тое, заявіў, што гэта яго ініцыятыва. А на пытанне, ці законная, адказаў: “Ніводзін закон не забараняе міністру вызначыць для міліцыянераў парадак нашэння формы адзення”.

Цікава, што на самай справе “невядомыя ў цывільным” пачалі з’яўляцца значна раней. Упершыню журналісты заўважылі іх у 2009 годзе, на акцыях 9 і 16 верасня ў Мінску. Гэтыя людзі перашкаджалі працаваць фатографам і відэааператарам, закрываючы рукамі аб’ектывы. Але калі міністру Куляшову задалі пра іх пытанне, ён адхрысціўся ад гэтых “невядомых у цывільным”.

“Гэта невядомыя асобы, якія хочуць справакаваць міліцыю і журналістаў”, — заявіў Куляшоў і упэўніў, што гэта дакладна не супрацоўнікі МУС.

Пасля прызнанняў-2011 тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч выказваўся за тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў павінныя быць у форме.

“Могуць быць выключэнні ў залежнасці ад задання, якое яны выконваюць, але пераважна яны павінныя быць апранутыя ў форму. Калі ж яны не ў форме, то яны абавязаныя называцца, бо вы павінныя ведаць, хто прад’яўляе вам патрабаванні”, — заявіў Васілевіч.

Але ўжо ў 2013 годзе ён сваё меркаванне змяняе:

“Мы павінныя зыходзіць з таго, здзяйсняецца злачынства ці не. А ўжо справа другая, апрануты супрацоўнік у форму ці не”.

Што праўда, і гэтым разам генпракурор гаворыць, што ў любым выпадку “перад тым як прымяняць нейкае фізічнае ўздзеянне ў дачыненні да парушальніка, супрацоўнік міліцыі павінен назвацца і, у прыватнасці, паказаць пасведчанне”.

Фота Еўрарадыё, відэа з Фэйсбук

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі