“Гавары праўду” прынесла ў парламент будзільнік і свае антыкрызісныя рашэнні

08/04/2016 - 11:04

Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч разам актывістамі “Гавары праўду” зладзіла флэш-моб “Пабудзі дэпутата!” каля ўваходу ў Палату прадстаўнікоў. Яго сэнс — нагадаць дэпутатам, якія толькі вярнуліся з канікулаў на сваю апошнюю сесію, пра эканамічны крызіс у краіне і неабходнасць прыняцця неадкладных ды нестандартных рашэнняў.

“На мінулым пасяджэнні парламента ўрад папросту заснуў, — тлумачыць лідар “Гавары праўдуАндрэй Дзмітрыеў. — І мы кажам: “Прачынайцеся, дэпутаты! Прачынайцеся, урад! У краіне крызіс! І калі вы гэтага не бачыце, то будзе станавіцца яшчэ горш!” І сёння мы прапаноўваем канкрэтныя пяць крокаў, якія трэба зрабіць сёння і зараз, зрабіць менавіта парламенту. Гэта яго апошняя сесія — няма чаго баяцца, няма чаго хвалявацца. Рабіце тое, што хочуць людзі, а не тое, чаго ад вас чакаюць у нейкіх іншых месцах”.

Перш за ўсё “Гавары праўду” прапануе не паднімаць пенсійны ўзрост, а замест гэтага ўсталяваць пенсію ў памеры 75% ад сярэдняга заробку па краіне. Увесці мараторый на павелічэнне тарыфаў на камунальныя паслугі. Усталяваць нормы дапамогі па беспрацоўю не ніжэй бюджэту пражытковага мінімуму, які мусіць павялічыцца з улікам росту коштаў на ЖКП. Вярнуцца да стварэння спрыяльных умоваў для інвестараў, якія мусяць быць перакананыя, што іх фінансавыя і матэрыяльныя актывы абаронены ад сваволля чыноўнікаў. А таксама стварыць нармальныя ўмовы для здаровай канкурэнцыі, якая дазволіць знізіць кошты і на беларускія тавары, а таксама спыніць прагу беларусаў набываць тавары за мяжой.

“Нават нашы сустрэчы з дэпутатамі паказалі, што сёння большасць людзей прачынаецца і бачыць безліч новых пабораў, падаткаў, указаў… Але яны не працуюць, бо няма шырокай дыскусіі і абмеркавання таго, як нам трэба выходзіць з гэтага крызісу, — кажа Таццяна Караткевіч. — Таму мы выступаем за тое, каб грамадзянаў уключалі ў працэс прыняцця рашэнняў. Таму мы і пойдзем на парламенцкія выбары, будзем дыскутаваць, якія законы прымаць, каб наша эканоміка станавілася на ногі”.

Прадстаўнікі “Гавары праўду” прыносяць з сабой будзільнік і адначасова ўключаюць мелодыі на сваіх тэлефонах, што сімвалізуе спробу пабудзіць дэпутатаў. Пасля чаго нясуць раздрукаваныя прапановы ў адмысловую паштовую скрыню, якая стаіць на ўваходзе ў Палату прадстаўнікоў.

“Калі яны не пачуюць нас, то хутка тут можа быць не пяць, не дваццаць і нават не трыста чалавек, — працягвае Дзмітрыеў. — Бо тое, што мы сёння бачым у рэгіёнах, гэта тое, што людзі напужаныя будучыняй. Чаго ім чакаць заўтра? Бо сёння ўлада робіць не перамены, а за кошт людзей спрабуе залатаць свае дзіры. Яны спрабуюць кампенсаваць свае памылкі, робяць так, каб мы заплацілі за тое, што яны не ўмеюць кіраваць эканомікай, за тое, што яны развалілі прамысловасць і гэтак далей”.

Нагадаем, цяперашні парламент працягне працу да 18 кастрычніка. Выбары новых дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў мусяць прайсці не пазней за 17 верасня.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі