Лідар кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч заклікала беларусаў ісці на мясцовыя выбары 18 лютага і галасаваць не толькі за кандыдатаў кампаніі, але і за “любых альтэрнатыўных уладам” кандыдатаў, перадае Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
27 студзеня Караткевіч правяла пікет у падземным пераходзе ля станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску. Яна таксама зарэгістраваная ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарсавета.
“Ёсць вялікія пытанні да таго, у якім стане сёння знаходзіцца грамадства. Яно сёння не давярае ўладзе, і людзям складана рашыцца пайсці на гэтыя выбары, — казала Тацяна Караткевіч падчас пікету. — Мы лічым, абавязкова трэба свой голас паказаць, пайсці і падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата, які прадстаўляе беларускія дэмсілы, а калі яго няма, то прагаласаваць супраць усіх”.
Караткевіч балатуецца па Заслаўскай акрузе Цэнральнага раёна. Абяцае змагацца з “ушчыльненьнем” забудовы і займацца ўзмацненнем статусу грамадскіх абмеркаванняў забудовы, спрашчэннем адміністрацыйных працэдураў для ўпарадкавання двароў.