Еўрапарламент упершыню зацвердзіў жанчыну на пасадзе кіраўніка Еўракамісіі

16/07/2019 - 19:08

Новай старшынёй Еўракамісіі стала нямецкі палітык Урсула фон дэр Ляен.  За яе кандыдатуру прагаласавалі 383 еўрадэпутаты з 747, паведамляе РБК. 

Раней фон дэр Ляен узначальвала міністэрства абароны Германіі. На пасаду кіраўніка Еўракамісіі яе на пачатку ліпеня вылучыў Еўрапейскі савет (у яго ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 28 краін ЕС). Кандыдатуру Ляен падтрымалі 27 кіраўнікоў краін Еўрасаюза, канцлер ФРГ Ангела Меркель устрымалася.

Фон дэр Ляен — першая жанчына на пасадзе старшыні Еўракамісіі. Яе праца пачнецца ў лістападзе, калі скончацца паўнамоцтвы цяперашняга кіраўніка Еўракамісіі люксембуржца Жан-Клода Юнкера.

Выступаючы ў Еўрапарламенце 16 ліпеня, новая кіраўніца Еўракамісіі паабяцала змагацца за правы жанчын. У прыватнасці,  яна паабяцала падзяліць 28 пасадаў у камісіі пароўну паміж мужчынамі і жанчынамі. Калі ўлады краін ЕС, якія намінуюць еўракамісараў, не пададуць спіс у адпаведнасці з гендэрным парытэтам, яны будуць абавязаныя перагледзець свой выбар, заявіла фон дэр Ляен.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі